Шаманства, сюррэалізм і спантаннае фота Ганны Леванковай

Памятаю халодную цёмную восень, вільготны лес пад Воршай, кубак гарачай гарбаты, вогнішча. Там, на спатканьні вандроўнікоў-аўтастопшчыкаў, я і пабачыла ўпершыню фотамастачку Ганну Леванкову. Коратка стрыжаная, у бэрэце. У вушах — мноства срэбных завушніц-кольцаў. Ганна не размаўляла, а толькі слухала. Тады, у вільготным восеньскім лесе, я любавалася ёй, гэтай коратка стрыжанай незнаёмай мне дзяўчынкай, што паліла цыгарэту за цыгарэтай. Хаця і ня ведала я тады, чым жыве Ганна і што любіць. «Мы едзем стопам у Дагестан. Там мора і там цёпла…», — здаецца, гэта адзінае, што даведалася я той восеньню пра Ганну Леванкову.

Фота Ганны Леванковай

На працягу трох дзён Ганна жыла ў выставачнай залі

Дваццацішасьцігадовая Ганна — родам зь Менскай дзяржаўнай мастацкай вучэльні імя Пятра Глебава. Згодна з дыплёмам — дызайнэр. Але карціны цяпер ня піша, рэалізуецца як фотамастак.

«За сьцяной» — так звалася другая па ліку выстава Ганны, што адбылася вясной.

Фота Ганны Леванковай

«Я езьдзіла па сваіх знаёмым і ня вельмі знаёмых. Фатаграфавала іх дома ў розных сытуацыях. Кватэры не зьмяняліся. Героі ў чым былі апранутыя, у тым і здымаліся. Я прыяжджала, дзе што валялася, так і здымалася. Толькі магла адну якую-небудзь рэч перасунуць. Большасьць фота не пастановачных, але ёсьць і пастановачныя».

Фота Ганны Леванковай

У выставачную залю прывезьлі прадметы інтэр’еру, што на фота адлюстраваліся. І — от дзіва! — Ганна Леванкова на працягу трох дзён выставы жыла ў прасторы сваіх твораў. Толькі ночыла дома. Людзі са «смачняшамі» прыходзілі ды гарбату з фатографам пілі. Людзі, людзі і людзі… Часу, каб проста сам-насам, — нуль! Наведвальнікі зьдзіўляліся: мяркуючы па фота, Ганна — халодная, мізантропка, можа, нават… А ў жыцьці аказалася — цёплай вельмі.

Апасьля экспэрымэнту «За сьцяной», апасьля столькіх цікаўных гасьцей гераіня паадключала ўсе тэлефоны. Ды ад людзей падалей схавалася.

Фота Ганны Леванковай

У бінтах, у чыстым полі, мукой абсыпаныя рабяты не на жарт мерзьлі…

У 2009 годзе была першая выстава Ганны — «Пошук сябе». Разам з фотамастачкай Крыловай, таксама Ганнай. І было на ёй зусім іншае фота: калажы, сюррэалізм, алягічнасьці, сьненьні… «Нашумелая выстава, — кажа Леванкова, — прыехала тады шмат прэсы».

Фота Ганны Леванковай

Пастановачныя арт-фота — справа руплівая. Адшукаць патрэбную сукенку і падыходзячае месца, ды яшчэ ўсялякае… Вось, напрыклад, пра «Тэатар у яе галаве»:

— Здымалася ўсё на Вялікдзень, было вар’яцкі холадна. Мы паехалі на машыне за горад, я ўжо выбрала месца. Пасярод поля абсыпала рабят мукой. Яны былі ў бінтах, у бялізьне і яшчэ адна дзяўчына ў чырвонай сукенцы была. Сама ж я была ў байцы, швэдры, шаліку і куртцы. Ехаў нейкі аўтобус, людзі вылезьлі, пачалі нас фатаграфаваць. Рабяты — малайцы! Яны адціскаліся сярод поля на кулаках, каб сагрэцца. Большасьць здымкаў адбываецца ў экстрэмальным рэжыме.

— І згаджаюцца людзі на гэткае?

— Яны ад пачатку ведаюць, на што ідуць. Я ніколі не фатаграфую людзей, якім не блізкае тое, што я хачу зьняць.

Ганна любіць здымаць на стужку: «Здымкі атрымліваюцца нашмат больш жывыя!»

А два гады таму наша гераіня была на Байкале. І, бывае, здымаць — зусім неабавязкова. Можна проста прысутнічаць. Ды адчуваць тое, што ні адна фатаграфія перадаць няздольная.

  • Пазнаёміцца зь іншымі фота Ганны Леванковай можна ў фотаклюбе

Кацярына Безмацерных
для газэты «Літаратура і мастацтва»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0597 seconds.