Лукашэнка хоча болей кітайскіх студэнтаў

Прэзыдэнт Беларусі, знаходзячыся ў візыце ў Кітаі, выказаўся за павялічэньне колькасьці кітайскіх студэнтаў у Беларусі. Па яго словах, росту іх колькасьці перашкаджае толькі адсутнасьць месцаў у інтэрнатах. Пры гэтым за апошні год кітайскіх студэнтаў у ВНУ Беларусі стала толькі болей.

Лукашэнка заявіў, што цяпер каля 2 тысячаў кітайскіх студэнтаў навучаюцца ў Беларусі (і толькі каля сотні беларускіх у Кітаі).

«Мы можам прыняць болей, але ў нас не хапае месцаў пражываньня. Таму мы цяпер будуем больш інтэрнатаў, у тым ліку і для замежных студэнтаў, бо ў нас вельмі шмат студэнтаў вучыцца зь іншых дзяржаў, і што нас вельмі цешыць — асабліва з Расеі шмат прыяжджаюць. У бліжэйшы час мы таксама будзем навучаць усё больш і больш кітайскіх студэнтаў тут», — перадае Інтэрфакс-Захад словы Лукашэнкі.

«Кітайцы, якія тут навучаюцца, нясуць вялікую старажытную культуру на нашу зямлю», — патлумачыў прэзыдэнт.

Кітайскія студэнты — другі па памерах кантынгент замежных навучэнцаў у Беларусі (першае месца займаюць студэнты з Туркмэністану). Атрымліваецца, што ў гэтым годзе першакурсьнікамі сталі яшчэ 300 кітайскіх студэнтаў.

У мінулым годзе ў беларускіх ВНУ навучалася 9048 замежных студэнтаў. Найбольш былі прадстаўленыя Туркмэністан (2803) і Кітай (1828).

Таксама Лукашэнка сказаў, што ў Менску празь пяць гадоў зьявіцца «выспачка Кітаю» «з усімі ўзорамі культуры, кухні, традыцый». Раней, у чэрвені гэтага году Камітэт дзяржкантролю паведаміў аб тым, што ў Беларусі можа быць створана кітайская гандлёва-прамысловая зона, а ў Менску пабудавана гасьцініца «Экін» і кітайскі квартал. Кітайскія кампаніі зоймуцца будаўніцтвам жылых дамоў у раёне Ждановіч, а таксама распрацоўкай інтэлектуальнай транспартнай сыстэмы сталіцы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0587 seconds.