Кодэксу аб адукацыі дададуць нефармальнасьці

Паводле словаў дэпутата палаты прадстаўнікоў Аляксандра Шацько, у Кодэкс аб адукацыі, які ўжо амаль год знаходзіцца на разглядзе ў парлямэнце, могуць увайсьці прапановы беларускіх і замежных спэцыялістаў у галіне нефармальнай адукацыі. Нягледзячы на тое, што «ў Кодэксе вельмі шмат спрэчных момантаў».

«На сёньняшні дзень казаць, што адукацыя сфарміравана і ўносіць у яе якія-небудзь элемэнты ня трэба — рана і, верагодна, бессэнсоўна, — заявіў намесьнік старшыні камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Аляксандр Шацько, выступаючы на Трэцім фэстывалі нефармальнай адукацыі ў Менску.

Як перадае БелаПАН, дэпутат лічыць, што ў Кодэксе дастаткова спрэчных момантаў, але, нягледзячы на гэта, ён хутка можа быць прыняты.

«Я спадзяюся, што ў дадзены Кодэкс увойдуць шматлікія жаданыя, і намі ў тым ліку, моманты, якія тычацца нефармальнай адукацыі, таму што асабліва ў адукацыі дарослых неабходныя высілкі ўсіх структур, ня толькі дзяржаўных», — дадаў Шацько.

Кодэкс аб адукацыі зьмяняе беларускую адукацыйную сыстэму, у тым ліку і працэдуру разьмеркаваньня выпускнікоў, робячы яе больш жорсткай. Паводле праекту Кодэксу аб адукацыі, калі палова і больш тэрміна навучаньня праходзіла за кошт бюджэту, то выпускнік падлягае разьмеркаваньню. Адпрацоўваць прыйдзецца нават пасьля сканчэньня завочнага. Таксама пашыраецца сьпіс падставаў для сыходу ў акадэмічны адпачынак (зьніжэньне працаздольнасьці) і ўсталёўваецца тэрмін аднаўленьня ў выпадку адлічэньня з ВНУ. Пасьля прыняцьця Кодэксу аднавіцца можна будзе на працягу трох гадоў з моманту адлічэньня.

Аднак, галоўны ідэоляг Кодэксу, старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу Ўладзімер Здановіч лічыць, што закон будзе распаўсюджвацца толькі на тых студэнтаў, якія паступяць у ВНУ ужо пасьля таго, як Кодэкс увойдзе ў сілу. Па яго словах, закон ня мае адваротнай сілы.

Кодэкс можа быць прыняты ўжо ў гэту восень. Аднак на дадзены момант разгляд яго праекту ў другім чытаньні ня значыцца ў павестцы дня восеньскай сэсіі парлямэнту.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0619 seconds.