10.11 — Джаз і прыродныя катаклізмы: ісьляндцы Mezzoforte

10-га лістапада ісьляндзкі джаз-рок гурт Mezzofotre прэзэнтуе ў Менску новы альбом Volcanic. Удзельнікі гурта, усё жыцьцё і творчасьць якіх непарыўна зьвязаная з роднай краінай, не маглі пакінуць без увагі падзеі, што разьвярнуліся з-за вывяржэньня вулкана з невымаўляльным для нас назовам Эйяф’ятлайокютль (Eyjafjallajökull). Менавіта гэтая некантралюемая чалавекам сіла прыроды, якая прымусіла ўвесь сьвет адчуць сябе нямоглым, натхніла музыкаў на стварэньне гэтак жа хвалюючых, моцных па энэргетыцы і настрою кампазыцый. 

Альбом Volcanic зьяўляецца трынаццатай студыйнай працай калектыву. У яго запісе, акрамя чатырох чальцоў-заснавальнікаў каманды, прынялі ўдзел і іншыя прафэсійныя музыкі, якія далучыліся да калектыву. Вось што кажуць пра альбом самі музыкі:

«Адпраўной кропкай у напісаньні альбома стаў цікавы выпадак, які адбыўся на поўдні Ісьляндыі падчас адной з нашых паездак на рыбалку. Уявіце сабе: спакойнае горнае возера, мы сядзім у лодцы і атрымліваем асалоду ад прыроды, цішыні і нашага занятку. І тут нас фактычна зьбівае з ног наймагутнейшы падземны штуршок. Гэта была раньняя вясна 2008 года і ніхто тады ня мог выказаць здагадку, што гэта толькі першы званочак надыходзячай катастрофы. Менавіта гэтая падзея стала прычынай таго, што працоўная назва альбома „Sleeping Volcano“ („Сьпячы вулкан“), які тады знаходзіўся яшчэ ў стадыі зараджэньня, мы перайменавалі ў Volcanic (Вулканічны)».

«Мы пастараліся зрабіць так, каб, з аднаго боку, альбом быў вытрыманы ў лепшых традыцыях джаз-н-року, а з другога боку, быў больш напорысты, зьлёгку агрэсіўны і мог найбольш поўна перадаць сілу і прыгажосьць прыроды Ісьляндыі. Як непадуладная чалавеку прырода, так і ход разьвіцьця музычнай партыі часам немагчыма ні прадбачыць, ні спыніць. Менавіта праз вялікую колькасьць імправізацый, свабоднага цячэньня музыкі мы хацелі дапамагчы чалавеку расслабіцца, ня думаць аб праблемах і клопатах і адчуць сябе часьцінкай вялікага і складанага сьвету, поўнага дзіўных рэчаў», — кажуць выканаўцы.

Даведка:

Гурт Mezzoforte ўтварыўся ў 1977 годзе. Песьня Garden Party ў 1985 годзе проста ўзарвала сусьветныя чарты, стаўшы візытоўкай калектыву і пропускам іншых выканаўцаў з Ісьляндыі на сусьветную музычную сцэну: Bjork, Сігур Рос, Sugarcubes і інш. Яны былі потым. А спачатку зьявіліся Mezzoforte. Творчасьць гэтага гурта, як, мабыць, нішто іншае, найбольш ярка адлюстроўвае нерэальную энэргетыку гэтай, здавалася б, халоднай і няветлівай зямлі.

У асноўны склад гурта, які не зьмяняецца ўжо больш за 30 гадоў, уваходзяць:

Ёхан Асмудсан (бас-гітара), Гулі Брыем (барабаны), Эйзар Гунарсан (клявішныя) і Фрыдрык Карлсан. Паступова ў групу ўвайшлі: Оскар Гуд’ёнсан (саксафон), Себасьцьян Штудніцкі (трубач), Бруна Мюельлер (гітара). Менавіта ў такім складзе Mezzoforte выступіць у Менску.

13:40, 07/10/2010 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0609 seconds.