Расейскія і ўкраінскія журналісты — адныя з самых карумпаваных у сьвеце

Расея, Украіна і Польшча патрапілі ў рэйтынг краін з максымальнай «канцэнтрацыяй» карумпаваных журналістаў.

Палова журналістаў з краін, што знаходзяцца на стадыі разьвіцьця, прызналі, што ў іх рэдакцыях хабар за публікацыю матэрыялу — звычайная справа. У тым, што асабіста ён браў хабар, прызнаўся кожны сёмы работнік СМІ. Гэта выснова прадстаўленага на днях дакладу Цэнтра міжнароднай мэдыяпадтрымкі. Славянскія мэдыі характарызуюцца ў ім словамі «zakazukha» і «джынса».


Фота Marcel Mettelsiefen / DPA / Corbis

Даклад Цэнтру названы «Грошы за публікацыю» і прысьвечаны хабарніцтву сярод журналістаў краін, што стаяць на шляху разьвіцьця. Аўтары дакладу апыталі больш за 400 прадстаўнікоў «чацьвёртай улады» з 56 дзяржаў.

Высьветлілася, што хабарніцтва ў журналістыцы распаўсюджана дастаткова шырока: палова (49%) журналістаў паведамілі, што ў іх рэдакцыях атрыманьне грошай за публікацыю або адмова ад публікацыі матэрыялу — звычайная справа. У атрыманьні хабару ў выглядзе грошай прызнаўся кожны сёмы журналіст (13%), у атрыманьні падарункаў за публікацыі — трэцяя частка (33%).

Расея ўзбагаціла сусьветнай журналісцкі слэнг словам «zakazukha». «Артыкул заказваюць падобна страве ў рэстаране», — тлумачаць гэты тэрмін аўтары дакладу. Украіна мае ўласны тэрмін для падобных публікацыяў — «джынса».

«Тэрмін зьявіўся дзякуючы блакітным джынсам — адной з самых распаўсюджаных вопратак журналістаў ва Ўкраіне», — пішуць аўтары дакладу.

Яшчэ адзін сынонім хабару за наведваньне прэс-канфэрэнцый альбо іншых мерапрыемстваў — «транспартныя выдаткі». У большасьці краін сума такога хабару складае ад 5 да 20 даляраў, а капэрта з грашыма ўкладаецца ў прэс-пакет. У афрыканскіх краінах капэрты звычайна карычневага колеру, у Кітаі — чырвонага.

Акрамя подкупу шэраговых журналістаў палітыкі і бізнэсмэны падкупляюць цэлыя СМІ. У дакладзе гаворыцца, што падобнае асабліва распаўсюджана ў Расеі і Ўкраіне, дзе рэдакцыі атрымліваюць грошы «ў абмен на пэўную колькасьць артыкулаў са згадваньнем кампаніі». Па дадзеных аўтараў дакладу, вядучыя расейскія СМІ зарабляюць такім чынам ня менш за $3 млн. у год. Ва Ўкраіне, па дадзеных дакладу, СМІ яшчэ больш карумпаваныя: там прадаюцца цэлыя тэлепраграмы і выпускі навін.

Журналісты апраўдваюць атрыманьне хабараў нізкімі заробкамі. Аўтары дакладу згаджаюцца, што прыбыткі працаўнікоў СМІ ў многіх краінах нізкія, але лічаць, што хабар — ня выйсьце. У якасьці прыкладу ў дакладзе прыведзены аповяд адной кітайскай журналісткі аб тым, як яна пасьля прэзэнтацыі напісала за грошы артыкул, які «разыходзіўся з маёй ацэнкай значнасьці падзеі», і грошы «кусалі мяне празь кішэню».

Беларусь, на жаль, ня трапіла ў даклад Цэнтру.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0632 seconds.