«SOS» — мастацкая выстава абароніць жывёлаў і работнікаў культуры

У музэі сучаснага выяўленчага мастацтва адчыніцца выстава «SOS». Як сьцьвярджаюць арганізатары, выстава прымеркаваная «да Дня абароны жывёлаў і Дня работнікаў культуры».


На выставе будуць прадстаўленыя жывапіс і графіка беларускіх мастакоў — Рыгора Несьцерава, Уладзіміра Ганчарука, Валянціна Губарава, Рыгора Іванова, Сяргея Рымашэўскага, Алены Шлегель, Сяргея Малішэўскага, Сяргея Пісарэнкі, Мацьвея Басава, Аляксандра Забаўчыка, Васіля Касьцючэнкі.

Сусьветны дзень абароны жывёлаў праходзіць 4 кастрычніка, а Дзень работнікаў культуры — 11-га. Беларускія мастакі з творчага аб’яднаньня «Талака» дзьве даты аб’ядналі і адчыняюць выставу «SOS», прыцягваючы ўвагу як да праблемаў жывёлаў, так і работнікаў культуры. Выстава адчыніцца 5 кастрычніка а 17.00 і пройдзе да 24.10.2010.

«4 кастрычніка мы адзначаем Сусьветны Дзень Абароны Жывёл, а 11 кастрычніка — Дзень работнікаў культуры. Калі мы і не пасьпелі дапамагчы канкрэтнай жывой істоце, якая апынуўся ў бядзе, то хаця б на хвіліну задумаліся аб гэтым, штосьці зварухнулася ў нашай душы, мы адчулі боль за іншага. Даўно забытае пачуцьцё спачуваньня, што ўжо выйшла з моды, якое робіць чалавека чалавекам, гатова зьявіцца ў нашых грудзях, афарбаваўшы іх сваім цяплом. Ратуючы іншага, дапамагаючы іншаму, мы робім сябе вышэй, лепш, высакародней, чысьцей, тым самым ратуючы сябе, дапамагаючы сабе стаць сапраўдным паўнавартасным чалавекам, адчуць прыгажосьць жыцьця. Без душы, без цяпла, без каханьня, без прыгажосьці, без культуры нам не выжыць.

Сёньня „культура“ — ключавое слова, балявая кропка грамадзтва. Да гэтага часу людзі легкадумна і нядбайна ставіліся да творцаў культуры, бяздумна і няўдзячна выкарыстоўваючы іх працу і ахвяры, кідаючы іх у цяжкую хвіліну без падтрымкі. Але ж людзей, якія прафэсійна займаюцца культурай, вельмі мала, ня больш аднаго на тысячу, правільна ацаніць іх працу — абавязак грамадзтва. Наш сёньняшні лад жыцьця, нашы дасягненьні, усё, чым мы валодаем, не мажлівыя без іх удзелу.

Дапамажыце культуры! Выратуйце нашыя і вашыя душы!» — распавядае куратар выставы Рыгор Несьцераў.

Eskimo 11:30, 29/09/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0592 seconds.