Украіна: новы закон замацуе статус расейскай як другой дзяржаўнай

Апошнім часам ва Ўкраіне пачало рэзка мяняцца стаўленьне дзяржаўных органаў да мовы. Пачалося ўсё са сфэры адукацыі, а скончыцца можа, прынамсі на першым этапе, прыняцьцем новага закону аб мовах. Навукоўцы папярэджваюць: новы закон можа разьяднаць краіну па моўнай прыкмеце і прывесьці да зьнікненьня нацыі.


Украінская як родная паводле перапісу 2001. Графіка wikipedia.org

Вучоны савет адной з самых прэстыжных ВНУ Украіны Кіева-Магілянскай акадэміі зьвярнуўся да прэзыдэнта Віктара Януковіча і старшыні Вярхоўнай рады Ўладзіміра Літвіна з заклікам зьняць з разгляду ў парлямэнце законапраект аб мовах і распрацаваць пры ўдзеле спэцыялістаў іншую вэрсію закону, паведамляе Корреспондент.net.

«Увесь зьмест законапраекту дае падставы сьцьвярджаць, што ў выпадку яго прыняцьця […] расейскай мове будзе нададзены статус другой дзяржаўнай. Законапраект скажае сутнасьць Эўрапейскай Хартыі рэгіянальных ці мінарытарных моў, закліканай абараняць гэтыя мовы, а не ўсталёўваць статус моў і парадак іх прымяненьня», — падкрэсьліваецца ў вырашэньні Вучонага савета Кіева-Магілянскай акадэміі.

Напрыклад, у законапраекце сьцьвярджаецца, што расейская мова «зьяўляецца роднай, ці такой, якой паўсядзённа карыстаецца большасьць грамадзян Украіны». Паводле дадзеных перапісу, толькі кожны трэці жыхар Украіны лічыць расейскую роднай.

Экспэрты адной зь вядучых навучальных устаноў краіны перакананыя, што «у выпадку прыняцьця і рэалізацыі прапанаванага законапраекту […] непазьбежна адбудзецца маргіналізацыя ўкраінскай мовы, выцясьненьне яе з найважнейшых сфэраў грамадзкага жыцьця, што, у рэшце рэшт, прывядзе да зьнікненьня ўкраінскай нацыі». Таксама навукоўцы лічаць, што законапраект можа прывесьці да падзелу Ўкраіны па моўнай прыкмеце.


Украінскія студэнты пратэстуюць супраць рашэньняў міністра адукацыі Табачніка. Красавік 2010

Прыняцьце закону аб мовах было адным з найважнейшых пунктаў перадвыбарчай праграмы цяперашняга прэзыдэнта Віктара Януковіча. За час кіраваньня новага кабінэту міністраў ва ўкраінскіх ВНУ адмянілі дзяржаўны іспыт па ўкраінкай мове, уведзены ў часы Юшчанкі, зьмененая канцэпцыя выкладаньня гісторыі, а ва ўкраінскія падручнікі вернуты тэрмін «Вялікая Айчынная вайна», які раней быў заменены «Другой сусьветнай».

Нядаўна міністар адукацыі Дзьмітры Табачнік дазволіў украінскім ВНУ набіраць і навучаць замежных студэнтаў на замежных мовах (што абмяжоўвае ўкраінамоўную вышэйшую адукацыю), а ў аналяг беларускага цэнтралізаванага тэставаньня быў уведзены новы, дзевяты прадмет — расейская мова.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0634 seconds.