Беларускую візу плянуецца выдаваць празь Інтэрнэт
Беларусь можа пачаць выдаваць электронныя візы празь Інтэрнэт, але зьмяняць іх кошт не плянуе.
Фота БелТА
«Калі сёньня можна набыць электронны білет, чаму б не ўвесьці электронную візу», — заявіў намесьнік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга. У гэтым выпадку атрымаць візу можна будзе празь Інтэрнэт, даслаўшы па абароненым пратаколе ўсе неабходныя дадзеныя.
Як паведамляе БелТА, міністэрству спорту і турызму вядомыя прыклады краін, якія практыкуюць падобную выдачу візаў.
Таксама намесьнік міністар назваў «праблемай» высокі (60 эўра) кошт беларускіх візаў для замежнікаў, якія не жадаюць ехаць у Беларусь групамі. Але словаў аб жаданьні зьменшыць гэты кошт не прагучала. Пакуль толькі жыхары прыбалтыйскіх краін і Польшчы могуць разьлічваць на спрашчэньне візавага рэжыму, і тое для паездак выключна ў Нарачанскі край: праца над адпаведным дакумэнтам ужо распачалася.