Калі-небудзь пасёлак зьменіць назву на «Джаз Кактэбель»


У Кактэбелі завяршыўся 8-ы міжнародны джазавы фэстываль. На працягу чатырох дзён невялікі пасёлак ва ўсходняй частцы Крыму ператварыўся ў джазавую меку. Хаця было б несправядліва казаць, што на працягу чатырох. Джаз тут паўсюль. На кожным куце вісяць афішы з запрашэньнямі наведаць разнастайныя выступы джазавых (і ня вельмі) музыкаў у разнастайных кавяраньках і на фэстывалях (ён тут аказваецца не адзін). Джаз выкарыстоўваецца як гэтакі мясцовы брэнд, які, напэўна, па папулярнасьці хутка перасягне аднаго з фундатараў Koktebel Jazz Festival — гандлёвую марку «Коктебель» — мясцовага алкавытворцу.

На адным прыватным пансіянаце нават убачыў надпіс «а ў нас поўны джаз». Не зьдзіўлюся, калі гадоў праз пяць на мясцовых пляжах замест пахлавы і салодкіх трубачак будуць прапаноўваць дыскі «ганаровага грамадзяніна» Кактэбеля Карла Фрыерсана, а сам пасёлак зьменіць назву на «Джаз Кактэбель».


За некалькі дзён да пачатку фэстывалю ў Кактэбель пачала сьцягвацца разнамасная публіка, пачынаючы ад хіпаноў а-ля 80-я, заканчваючы батанікамі ад музыкі ў стылі «у каго ёсьць лішні квіток у філярмонію». Напярэдадні адкрыцьця мясцовы нудысцкі пляж хутчэй нагадваў выязное паседжаньне актывістаў «Басовішча», чым месца, якое выкарыстоўваецца па прызначэньні. Там-сям можна было ўбачыць голыя азадкі ўперамешку з алкатурыстамі. Зрэшты, хутка ўжо немагчыма было разабраць, ху ёсьць ху.


У гэтым годзе фэстываль прайшоў на двух сцэнах. Гэта камэрная Валошынская, разьмешчаная на тэрыторыі дома-музэя Валошына. І галоўная фэстывальная пляцоўка NuJazz Stage, якая ўласна і патрывожыла спадароў-нудыстаў, бо разьмяшчалася ў непасрэднай блізкасьці ад месцаў іх пасяленьня. Дэ факта была яшчэ адна трэцяя альтэрнатыўная пляцоўка. Непадалёк ад галоўнай у мясцовым клюбе «Каліпса» першы альтэрнатыўны тэлеканал прадставіў сваю музычную «свабодную Jam-Stage», дзе любы музычны калектыў мог прадэманстраваць свае таленты, чым яны і займаліся кругласуткава. Сярод выступоўцаў былі заўважаныя піцерскія «Сланы», «Умка и Броневичок».

Менавіта на камэрнай пляцоўцы фэстываль і адкрыўся. Ва ўтульным садзе разьмясьцілася сцэна з рэпрадукцыяй малюнка джазавага сэйшна, які праходзіў тут жа 85 гадоў таму, калі ў доме Валошына зьбіралася творчая інтэлігенцыя. Малюнак, дарэчы, выявілі зусім нядаўна ў архівах дома-музэя. Дзьвесьце месцаў і ніводнага вольнага! Па словах арт-дырэктара фэстывалю Андрэя Слабінскага, на некаторыя канцэрты білеты былі прададзеныя задоўга да пачатку. Паспрабуйце ў Менску зрабіць тое ж самае! Тым, каму не пашанцавала, разьмясьціліся за агароджай, адкуль усё было выдатна чуваць і відаць (балазе арганізатары не сталі ўжываць беларускія тэхналёгіі 2-х мэтровых агароджаў, завешаных белым палатном як у Сілічах).


Cама атмасфэра сьвята ўражвае! Білетныя і безьбілетныя гледачы на адным дыханьні слухалі выступы зорак сусьветнага клясычнага джазу. За чатыры фэстывальныя дні на Валошынскай сцэне выступілі Eskil Romme & Jens Ulvsand, Carsten Daerr Trio, Karl Ritter, Paul Rogers.

На другі фэстывальны дзень запрацавала галоўная фэстывальная пляцоўка NuJazz Stage. Днём гасьцей забаўляў спэцыяльны праект фэстывалю Europa Plus Nu Jazz Party c самай правільнай музыкай. Хіпаны гультаявата слухалі. Яшчэ б, бо ўвечары чакалася легенда піцерскага року «Аукцыон»! Увечары на сцэну выйшлі Faerd trio & Jullie Hjetland, якія адыгралі выдатны сэт, ліха спалучаючы джаз, рок і народныя матывы. А сапрана-саксафон Эскіля Роммэ надаваў усяму гэтаму дзейству чароўную мэлядычнасьць і выразную прыгажосьць.


Прыкметна дадалося гледачоў да выхаду «Серебряной свадьбы». Гэты калектыў ужо пасьпеў палюбіцца мясцовай публіцы ў 2009 годзе. Бенька і сутаварышы парадавалі гледачоў і ў гэты раз, зладзіўшы выдатнае фрык-шоў. І ўсе, хто назіраў за гэтым дзействам, атрымалі сваю долю здаровага пазытыву. Тым жа, каму аказалася мала зрокава-слыхавых уражаньняў, «жанчына-п’яўка» наўпрост са сцэны прэзэнтавала дзьве ёмістасьці зь віном. Белае направа, чырвонае налева ці наадварот. «Пищевую цепочку» пазналі з першых нот і выканалі практычна хорам (прыгожы бэк-вакал атрымаўся). Прыемна, чорт пабяры, калі беларускі калектыў так цёпла прымаюць.


А потым быў «Аукцыон»! Легенда рускага року «Аукцыон» і кропка нах! Гадзінны выступ праляцеў як адно імгненьне, на адным дыханьні. І гледачоў, умоўна, можна было падзяліць на тры катэгорыі. Адны як я, слухалі моўчкі, адкрыўшы рот. Другія гарлапанілі вядомыя гіты разам з Фёдаравым і Гаркушам. Ну, а трэція разьмясьціліся на ўзгорку «Юнге» за сцэнай і назіралі за дзействам са сьпіны. Як ім гэта ўдалося, аднаму Богу вядома, бо арганізатары, каб пазьбегнуць бясплатнага прагляду шоў, выставілі на ўзгорку ачапленьне з тамтэйшага спэцпадразьдзяленьня пад дурным назовам «Тыгр», ласкава празваных мясцовым насельніцтвам «тыграняты».


Непрыемна зьдзівіў інцыдэнт зь мясцовай аховай. Бліжэй да канца выступу на сцэну прарваўся фанат і, абняўшы Гаркушу, выказваў яму рэспэкты. Праз сэкунду побач апынуўся баец нябачнага фронту ў спэцформе як у беларускага спэцназа (пальчаткі з накладкамі на пальцы тыпу кастэту). Ды замест таго, каб выправадзіць неспакойнага гледача, пачаў «мачыць» яго наўпрост там жа, нягледзячы на просьбы Гаркушы спыніць. Але нават гэты непрыемны інцыдэнт ня змог сапсаваць тыя мегапазытыўныя эмоцыі, атрыманыя кожным гледачом ад дзікіх танцаў неўвядальнага шоўмэна Алега Гаркушы, старой, пашарпанай гітары Леаніда Фёдарава (ёй гадоў, мабыць, больш, чым мне). «Аукцыон»!

І калі вы думаеце, што на гэтым усё завяршылася, дык хрэна вам. Пасьля невялікага перапынку на сцэне «Даха Браха» тры гарных украінскіх дзяўчыны з наймагутным вакалам та хлопец з акардэонам стварылі ня менш драйву, чым папярэднія выканаўцы. А сумесная песьня з Карлам Фрыерсанам (De Phazz), сольны выступ якога быў прызначаны на наступны дзень, выклікаў мора захапленьня і пазытыву. Вельмі спадзяюся ў будучыні бачыць гэты калектыў у Менску.


Ад гэтых трох выступаў эмоцый у мяне не засталося. І да выступу «Адыс Абебы» я банальна не дажыў. Зрэшты, думаю, ня толькі я. Можа арганізатарам варта падумаць, і ў будучыні неяк перакроіць праграму і дадаць яшчэ адзін дзень галоўнай сцэны. Бо кожны калектыў заслугоўваў увагі, а моцы для праслухоўваньня ўсіх, на жаль, пасьля фэстывальна-напружанага лета, засталося ня так шмат.

На наступны дзень нас чакалі Karl Ritter на Валошынскай сцэне і Al Foster Quartet на галоўнай. У бітве паміж унікальным басістам і барабаншчыкам перамог апошні, хоць вельмі хацелася паслухаць абодвух. Эл з бандай выдалі сапраўдны джаз! Гледачы, сярод якіх было нямала і маладняку і людзей сталага ўзросту, былі ў захапленьні і як сьледзтва квартэт два (!) разы выходзіў на біс.


І вось на сцэне карыфэй украінскага року Алег Скрыпка і віртуозы ад музыкі джаз-кабарэ «Забава». Гэта былі сапраўдныя «танцi». «Хiтяры» 30-х гадоў у разнастайных стылях ад рэгі да блюзу не маглі нікога пакінуць абыякавым. Старыя вв-шныя рэчы ў апрацоўках раней здаваліся немагчымымі. Перад сцэнай нават быў заўважаны саксафаніст Эла Фостэра Элі Даджыбры зь цікавасьцю назіраўшым за выступам. «Стрiвай паравозе», «Весна», «Танцi», «Черемшина»… Хацелася яшчэ і яшчэ, але, на жаль, усё калі-небудзь сканчаецца. Але толькі не фэстываль.

Наперадзе нас чакаў Карл Фрыерсан, якога ў Коктэбелі палюбілі як роднага, а журналіст і вядучы канцэртаў Аляксей Коган завочна прысвоіў яму званьне ганаровага грамадзяніна Кактэбеля. Па словах Карла перад выхадам ён вельмі перажываў, што ў публікі не застанецца сілаў на ягоны выступ, і дарма. Выступ прайшоў на ўра. Адкуль толькі ў публікі сілы ўзяліся? Пяць гадзін неверагоднага жывога музла!

Шкада канешне, што ня ўсе дажылі да выступу CherryVata. Карл Фрыерсан адзначыўся і тут. Разам яны наладзілі хвацкі джэм, успрыняты з захапленьнем тымі, хто яшчэ стаяў на нагах. Атрымаўся гэтакі джаз-дэнс, які дазволіў узбадзёрыцца тым, хто яшчэ зьбіраўся глядзець кіно. Так. У рамках фэстывалю пасьля канцэртаў была арганізаваная адмысловая кінапраграма «Кактэбельная эўфарыя», якая праводзілася пасьля начных канцэртаў.

Вось і ўсё. Фэстываль завершаны. З кожным годам ён расьце і набывае ўсё большую папулярнасьць, а праблемы застаюцца ўсё тыя ж. Паводле слоў прэзыдэнта фэстывалю Ліліі Млінарыч — гэта, перш за ўсё неразьвітая інфраструктура (праблемы з расьсяленьнем артыстаў і дрэнныя дарогі). Дзівакі, што яшчэ можна сказаць — нам бы іх праблемы, але гэта вечнабеларуская лірыка. Хоць і наракалі арганізатары на адсутнасьць падтрымкі ўладаў, але сама прысутнасьць на прэс-канфэрэнцыі нам.старшыні савета міністраў АР Крым Тацяны Умрыхінай казала аб тым, што прынамсі не перашкаджаюць. І ўжо сёньня пачалася падрыхтоўка да наступнага фэстывалю — Jazz Koktebel 2011. Арганізатары будуць імкнуцца выправіць усе недахопы (блін, павялічце колькасьць сарціраў хаця б удвая, а то 8 штук на 20 тыс. гледачоў неяк малавата), гурты — тварыць, каб парадаваць нас новымі праграмамі ў наступным годзе. Ну, а нам застаецца толькі чакаць.


Аўтар здымкаў Антон Шэвялёў

Атмасфэра 8-га фэсту Jazz Koktebel у 40 здымках у нашым фотаблогу

Чэк 14:00, 23/09/2010 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0605 seconds.