Восьмы «Джаз Кактэбель» зьбірае прыхільнікаў

«Сёньня кожны хаця б крыху чуў пра фэстываль, дзе пануе сяброўская атмасфэра свабоды, культурныя камунікацыі і добразычлівае стаўленьне адзін да аднаго. Джаз Кактэбель дапамагае забыць пра чужую нашай сутнасьці мітусьню штодзённага гарадзкога жыцьця. Джаз Кактэбель праходзіць штогод у сярэдзіне верасьня. Менавіта тады, калі найбольш сьвежыя ўспаміны лета і вельмі хочацца яго працягнуць. У добрай кампаніі, і так, каб успомнілася! Джаз Кактэбель — гэта культурны ваяж у аксамітны сэзон», — тлумачыць сайт фэсту. 9–12 верасьня на беразе Чорнага мора!

А вось як апісвае падзею арт-дырэктар фэсту Андрэй Слабінскі:

«Джаз Кактэбель — гэта ня толькі ўнікальная атмасфэра, непарыўна зьвязаная з містычнай магіяй Кактэбелю, якая раскрывае вышэйшыя чакры і творчы патэнцыял чалавека.

Джаз Кактэбель — гэта ў першую чаргу музычны фэстываль, незамутнены і ўсьвядомлены пункт гледжаньня на актуальную альтэрнатыўную сцэну. Мы дорым вам магчымасьць асабіста адчуць зрэз найлепшага сучаснага эўрапейскага джазу і імправізацыйнай музыкі, а таксама парачку выдатных амэрыканскіх джазістаў на закуску.

Валошынская сцэна — камэрная атмасфэра пад адкрытым небам наўпрост у садзе Дома-музэя, NuJazz — велізарны open-air пасярод нудысцкага пляжу і лайн-ап выканаўцаў, якія ведаюць пра тое, што такое драйв не па чутках. Зьвярніце ўвагу на тое, што квіток на вечаровы канцэрт NuJazz дае права праходу і на начны канцэрт у гэты дзень.

Адмысловы падарунак для ўсіх летуценьнікаў, рамантыкаў і авантурыстаў — праграма адкрыцьця фэстывалю 10 верасьня на сцэне NuJazz. Музыку ўдзельнікаў гэтага вечара наўрад ці назавеш джазам, кіруючыся фармальнымі крытэрамі энцыкляпэдыстаў. Аднак гэта перастане мець для вас значэньне, калі яны «дадуць джазу» на фэстывалі: у іх у крыві дух джаза, што значна важней!

Нямала прыхільнікаў сярод годнай публікі Джаз Кактэбелю знойдзе ствараемая ў гэтым годзе «Тэрыторыя сьвядомага жыцьця», якая прапануе альтэрнатыўнае баўленьне часу і лад жыцьця. Менавіта таму, па заканчэньні афіцыйнай музычнай праграмы на сцэне Nu Jazz вы не пачуеце дыджэйскую «каўбасу». Нашмат цікавей, на наш погляд, рэшту ночы правесьці ў коле музыкі, зносін і гармоніі пад шум прыбою».

«Джаз Кактэбель» пачынае сваю гісторыю з 2003 года. Ён узьнік як прыватная ініцыятыва ідэоляга і заснавальніка фэстывалю Дзьмітрыя Кісялёва (Расія) і «мамы» фэстывалю — нязьменнага кіраўніка аргкамітэта Ліліі Млінарыч (Украіна) у процівагу засільлю «фанэры» і безгустоўя, якія шквалам нясуцца на нас з тэлеэкранаў і газэтных старонак.

«Джаз Кактэбель» арганізуе актыўную дабрачынную дзейнасьць. У 2003, да правядзеньня першага фэстывалю, была пабудаваная плошча набярэжнай перад Домам-музэем М. Валошына да яго 100-годзьдзя, а ў 2004-2005 гг. — адноўлены і сам Дом-музэй. У дар дзіцячай школе мастацтваў Кактэбеля быў перададзены ўнікальны электронны раяль Yamaha.

Фэстываль знаёмы многім беларусам, а сцэна «Джаз Кактэбелю» стала роднай для не аднаго гурта зь Беларусі. Сёлета фэстываль зноўку наведае кабарэ бэнд «Серебряная Свадьба», якія сталі адкрыцьцём Джаз Кактэбелю 2009. Зь іх арганізатары ініцыююць практыку паўторнага выступу найбольш ажыятажнага «адкрыцьця» мінулага году. Таксама да Чорнага мора едзе «самы запатрабаваны малады рэгі СНД» — беларускі «Адыс Абеба». Будуць у праграме і пастаянныя беларускія ўдзельнікі фэсту — CherryVata Crew & Руся, якія перамаглі ў беларускай частцы папярэдніх шоў-кейсаў «Джаз Коктэбэлю 2010».

І так, сустрэнемся 9–12 верасьня ў Кактэбелі!
Сайт фэсту: koktebel.info

Глядзіце таксама фотарэпартаж зь мінулага фэсту:

Паломнікі свабоды, драйву і культурных камунікацыяў на Koktebel Jazz Festival 2009

16:00, 30/08/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0572 seconds.