Беларуская мова як няродная

Нядаўна сталі вядомыя першыя вынікі перапісу, які ў 2009 годзе правёў Нацыянальны статыстычны камітэт. Высьветлілася, што хоць беларусаў у краіне і паболела, але тых, хто называе сваёй роднай мову беларускую, стала меней.


Хто болей за ўсё любіць беларускую? Для большасьці беларусаў і палякаў беларуская - усё яшчэ родная мова. Для расейцаў - не (чорная рыса пазначае частку тых, хто назваў пры перапісе беларускую мову роднай)

Першыя вынікі перапісу тычацца ў асноўным агульных паказчыкаў колькасьці і складу насельніцтва. Высьветлілася, напрыклад, што ў Беларусі жывуць прадстаўнікі 140 нацыянальнасьцяў, некаторыя зь якіх нават лічаць беларускую за родную. Чэмпіёны тут — палякі. Толькі 16 тысячаў з 294 549 зарэгістраваных называюць роднай польскую. Для 171 тысячы палякаў (болей за ўсё іх на Гарадзеншчыне) роднай аказалася беларуская. Як і для 1 411 татарына, 11 карэйцаў і 22 тысячаў расейцаў.

Дарэчы, апошніх за 10 гадоў значна паменела. Амаль паўмільёна расейцаў ці то зьехалі, ці то патрапілі пад асыміляцыю. Затое туркмэнаў у краіне стала ў 3.2 разы болей, чым 1999 годзе — іх 2.7 тысячы.

Такім чынам, доля беларусаў ў параўнаньні зь мінулым перапісам 1999 года павялічылася і складае 84%. Але ці можна быць беларусам безь беларускай мовы? Атрымліваецца, можна. Для 37% беларусаў родная — мова расейская.

Толькі 61% рэспандэнтаў, што назвалі сябе беларусамі, лічаць беларускую роднай мовай. Гэта найгоршы паказчык за апошнія гады. Напрыклад у 1999 беларускую лічылі роднай 73,6% жыхароў краіны.

Выкарыстоўваюць беларускую яшчэ меней людзей — толькі 23% жыхароў Беларусі карыстаюцца ёй дома. Хаця дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту выглядаюць аптымістычнымі на фоне нядаўніх апытаньняў незалежных сацыёлягаў. Так лябараторыя «Новак» знайшла ў 2009 годзе 6% насельніцтва, што ўвесь час размаўляюць па-беларуску. За год да гэтага НІСЭПД называў лічбу ў 2%, а інфармацыйна-аналітычны цэнтар пры Адміністрацыі прэзыдэнта заявіў, што амаль 12% насельніцтва карыстаюцца ў паўсядзённым жыцьці беларускай.

Але ў любым выпадку Беларусь застаецца расейскамоўнай: сем зь дзесяці жыхароў краіны пераважна карыстаюцца расейскай мовай.

Перапісы ў Беларусі праводзяцца раз у дзесяць гадоў. На апошні дзяржава патраціла крыху болей за 6 мільёнаў даляраў. Яшчэ $873 тысячы дала ААН.

Дарэчы, некаторыя грамадзяне прасілі пазначыць сябе ў перапісным блянку «літвінамі». Статыстычны камітэт ня стаў хаваць іх колькасьць і абвясьціў, што ў Беларусі выяўлена 66 прадстаўнікоў гэтай непадлічанай раней народнасьці.


Сярод нацыяльных меншасьцяў пераважаюць расейцы. Палякаў таксама нямала ў Беларусі

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0867 seconds.