Беларуская мова: 20 гадоў незалежнасьці далі вынік?

Белмова — цяпер сапраўдны трэнд. То рэгіянальныя навіны раптам па-беларуску завяшчаюць, то БТ на белмоўны выпуск навін раскашэліцца, то адзіны беларускамоўны міністар Латушка любімым ньюзмэйкерам СМІ стане. А тут яшчэ чуткі аб «усенародна выбраным» пайшлі, быццам і ён мову падвучвае.

У такой сытуацыі нядаўна прэзэнтаванае вялікая сацыялягічнае дасьледаваньне на тэму нацыянальнай ідэнтычнасьці і моўных практык беларусаў ад BISS, лябараторыя «Новак» і кампанія «Будзьма» выглядае як ніколі злабадзённым. У ім адразу аб усім: і беларускамоўных «змагарах», і адукацыі, і маладым пакаленьні, якое, як высьвятляецца, ня надта «матчыну» і шануе.

Спробы высьветліць, у каго зь беларусаў «язык гладка ходзіць», сацыёлягі, як незалежныя, так і праўладныя, рабілі і раней. Але дагэтуль яшчэ не было спробаў так глыбока паглыбіцца ў моўнае пытаньне, як тое зрабіў сёлета «Новак», апытаўшы агулам 1011 рэспандэнтаў рознага ўзросту і сацыяльнага стану зь Менску, Ліды і Воршы.

Мова ня сродак, а каштоўнасьць

Высьвятляецца, што 6% апытаных увесь час карыстаюцца белмовай. Гэтыя дадзеныя ўсё ж пазытыўнейшыя за мінулагоднія зьвесткі НІСЭПД (тады Інстытут налічыў толькі 2.2% белмоўных).

Падаецца, сьвежыя дадзеныя «Новак» — залатая сярэдзіна, асабліва калі прыгадаць лічбы інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры Адміністрацыі прэзыдэнта, які сьцьвярджае, што 11.9% насельніцтва ўвесь час карыстаюцца ў паўсядзённым жыцьці беларускай.

Калі не размаўляем, што ж тады з гэтай шматпакутнай моваю рабіць? «Берагчы і шанаваць» канешне ж, — кажа кожны другі беларус. Яшчэ для амаль 37% беларуская — нацыянальны сымбаль. І зусім няшмат людзей бачаць у ёй мову апазыцыі (3,4%) альбо інтэлігенцыі (8%).

Як вынік такога стаўленьня, «кола прыхільнікаў беларускай мовы перавышае асяродзьдзе актыўных карыстальнікаў», — кажа кіраўнік BISS сацыёляг Віталь Сіліцкі. «Зусім не разумеюць беларускай мовы 2–3%. Разам з тым, у маладога пакаленьня ўзровень веданьня мовы дзесьці на ўзроўні сярэдняга».


В. Сіліцкі

«Рост беларускай самаідэнтыфікацыі ў параўнаньні з папярэднімі гадамі відавочны», — адзначае спадар Сіліцкі.

Агульную мову знайшлі… у Магілёўскай вобласьці

Як высьвятляецца, самая беларускамоўная вобласьць — Магілёўская, дзе амаль кожны другі «бойкі» на «беларускую». І там жыве больш за ўсё «жадаючых быць актыўнымі носьбітамі беларускай». А вось горш за ўсё з матчынай у жыхароў Віцебшчыны. Але калі даходзіць да канкрэтнай справы, апошнія выглядаюць лепей за магілёўцаў, бо прыхільней ставяцца да поўнай беларусізацыі адукацыі і СМІ.

«Праўда, дакладна незразумела, што магілёўцы разумеюць пад беларускай мовай. Можа, трасянку?» — задаў рытарычнае пытаньне Віталь Сіліцкі.


Узровень валоданьня беларускай мовай у залежнасьці ад рэгіёну. Блакітны - Менск, фіялетавы - Магілёўская вобласьць, аранжавы - Гарадзенская вобласьць

«Языком сена не накосіш»

Цікава, што людзі зусім ня супраць карыстацца беларускай дома альбо ў размовах зь землякамі. А вось з калегамі па працы «даваць волю» языку па-беларуску згодныя толькі 5.5% рэспандэнтаў. Тое ж і зь бізнэсам: калі беларусы ня супраць бачыць нашу родную на вітрыне якога сэкс-шопу, ці ў яго рэкляме (29.6%), на благі канец у дзяржструктурах (30.1%), то ў бізнэсе пераважную прысутнасьць беларускай гатовыя бачыць толькі 15.7%.

«Карыстаньне рускай рэзка павышаецца, калі чалавек выпадае зь нейкага сацыяльнага колу», — робяць вынік экспэрты. Хаця шмат хто, на іх думку, мае больш «пафігісткае» стаўленьне да мовы: «няхай улада размаўляе па-беларуску, але мяне не кранайце».

Не хачу вучыцца па-беларуску

Маладое пакаленьне экспэртаў расчаравала: сярод 18-25-гадовых найбольшы адсотак тых, хто поўнасьцю адмаўляе беларускую мову. І стаць яе носьбітам маладыя зусім не сьпяшаюцца. Хаця валодаюць яны ёй як ніхто іншы добра.

Усё па-беларуску ў галіне адукацыі хоча бачыць толькі кожны дваццаты. Хаця ў войску ўсё яшчэ горш (такіх 4.7% і ніякі Франак ім няўцям).

«Больш моладзі, чым у сярэднім па грамадзтве, ўспрымаюць карыстаньне беларускай мовай як проста нейкую прыкмету выпендрожу», — адзначае Віталь Сіліцкі.


Што вы думаеце пра людзей, якія размаўляюць толькі па-беларуску (сярод 18-24-гадовых)? 

«Чаму вы ж не карыстаецеся беларускай мовай?», — пытаюцца сацыёлягі. «Трэба падстройвацца», — апускаюць вочы беларусы. І толькі трэцяя частка на іх думку «ня ведае мову на столькі добра, каб бесперашкодна карыстацца ёй у зносінах»

«Трэба штуршок»

Ну думку галоўнага рэдактара газэты «Новы час» Аляксея Кароля, вынікі апытаньня пазытыўныя:

«Мы пазбавіліся грэблівых адносінаў да мовы. І беларуская — гэта мова, якая можа быць і становіцца мовай моды. І гэта сьпіраль разьвіцьця — станоўчая. 20 гадоў незалежнай дзяржавы Беларусь самі па сабе даюць вынік», — адзначыў спадара Кароль.


Ул. Мацкевіч

Як кажа палітоляг Уладзімер Мацкевіч, «прыхільнасьць да беларускай мовы значна вышэйшая на ўзроўні летуценьня, чым на ўзроўні непасрэднай практыкі. Людзі больш згодныя падтрымаць мову, чым рабіць высілкі для яе пашырэньня». І каб зьмяніць сытуацыю, на яго думку «трэба зрабіць пэўныя высілкі, бо трэба матывацыя, трэба штуршок».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.085 seconds.