Апошнія сацыялягічныя дадзеныя: кожны трэці беларус карыстаецца Інтэрнэтам

Згодна са сьвежымі дадзенымі НІСЭПД, амаль кожны трэці беларус карыстаецца Сецівам. Але толькі 18.3% тых, хто мае доступ да Інтэрнэта, ходзяць на беларускія рэсурсы.

Рэкардсмэнам па наведвальнасьці сярод беларускіх рэсурсаў, згодна з дадзенымі сацыёлягаў, ёсьць партал tut.by. Яго наведваюць 12.1% тых, хто карыстаецца Сецівам. Другі найбольш наведвальны беларускі рэсурс, хоць беларускага ў ім інтэрфейс ды даменная зона — google.by, трэці — сайт правайдэра кабельных і інтэрнэт-паслугаў cosmosTV.by. Большасьць астаніх рэсурсаў маюць рэйтынг, які не перавышае мяжу 0.1%.

Такія дадзеныя былі атрыманыя пад час апытаньня, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў на пачатку сакавіка 2009 года.

Згодна з апытаньнем, толькі 7,3% тых, хто карыстаюцца Сецівам, робяць гэта дзеля атрыманьня новай інфармацыі. Большасьць апытаных залазяць у Інтэрнэт дзеля атрыманьня прафэсійнай, забаўляльнай інфармацыі, альбо проста каб праверыць паштовую скрыню.

Цэнтар рэгулярна праводзіць нацыянальныя апытанкі. Таму можна лёгка ўбачыць зьмены ў настроях грамадзтва, ці, напрыклад, цікаўнасьці да СМІ.

Сацыёлягі сьцьвярджаюць, што найбольш папулярная незалежная беларускамоўная інфармацыйная радыёстанцыя — Эўрапейскае радыё для Беларусі, перадачы якой слухаюць 3.6% рэспандэнтаў (рост на 1.6% у параўнаньне з сытуацыяй паўгады таму). А вось рэйтынг тэлеканалу «БелСат» упаў за шэсьць месяцаў на 0.4 пункты і склаў 5.0%.

Але ж цікаўнасьць да беларускай мовы агулам, згодна зь НІСЭПД, падае. Так у чэрвені 2008 г. толькі 2.2% насельніцтва Беларусі карысталіся ў паўсядзённым жыцьці беларускай мовай (у пачатку 2007 году гэты паказчык складаў 5.2%). Адначасова, колькасьць людзей, якія ўжываюць і беларускую і рускую, павялічылася на 3% (17.3% у чэрвені), як і колькасьць тых, хто ўжывае «зьмяшаную» мову (амаль 27%). Рускай мовай у Беларусі карыстаецца крыху больш за палову насельніцтва (53.1%). За апошні час іх колькасьць зьменшылася на 1.1%.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.073 seconds.