У Менску пройдзе пяты міжнародны фэстываль нэафолка Crivia Aeterna

«Crivia Aeterna: Архаіка і сучаснасьць» — гэта ня проста яшчэ адзін музычны фэст. Гэта, перадусім, спроба спалучыць здавалася б неспалучальныя рэчы: па-першае, Традыцыю як зьяву і як эстэтыку; па-другое, сучасную экспэрымэнтальную музыку. Чаму нас цікавіць менавіта Традыцыя і экспэрымэнтальная музыка?

Таму што для нас любая музыка — гэта частка рытуалу, а наш рытуал — гэту пульсацыя Космасу, у якім Крывія — сакральнае сэрца Эўропы, Гіпэрбарэя, зямля, што нараджае найбуйнейшыя рэкі рэгіёну. У нашым Космасе няма месца глябалізацыі, бессэнсоўнаму спажываньню і сымулякрам грамадзтва спэктаклю, у нашым Сусьвеце сьвятыні — гэта Род і Вада-Зямля, наш народ і нашая тысячагадовая Айчына. І менавіта таму мы зьвяртаемся да мовы экспэрымэнтальнай музыкі, бо ў часы Калі-Югі любая музыка, што карэніцца ў Традыцыі, апрыёры лічыцца экспэрымэнтальнай, альтэрнатыўнай.

Мы не імкнемся ўзбагаціць культурнае жыцьцё Беларусі яшчэ адным фэстам з добрай музыкай. Наша мэта прасьцей і адначасна складней — мы хочам перанесьці на беларускую глебу традыцыі лепшых эўрапейскіх нэафолк-фэстаў. Мы імкнемся стварыць сьвята для людзей, аб’яднаных блізкімі поглядамі, супольнымі мэтамі ды агульнай мрояй. Для нас Crivia Aeterna — гэта, найперш, сустрэча сяброў і паплечнікаў.

За чатыры папярэднія гады мы пазнаёмілі беларусаў зь лепшымі прадстаўнікамі фолк / пост-фолк / неафолк музыкі Беларусі, Расіі, Нямеччыны. На нашай сцэне пабывалі гэткія цудоўныя гурты як «Ритуальный Фронт», Vishudha Kali, «Лихолесье», Moon Far Away, Pragnavit, Essa, Guda, Osimira, Orplid / Barditus.

25 верасьня ў Менску пройдзе пяты міжнародны фэстываль нэафолка Crivia Aeterna, прысьвечаны 600-годзьдзю Грунвальдзкай бітвы. І мы вельмі радыя паведаміць добрыя навіны ўсім аматарам якаснай этнічнай музыкі — адмыслова для вас выступіць лепшы этна-гурт Літвы Donis у сваім «залатым» складзе — разам з выбітнай сьпявачкай Расай Сэрай!

Запрашаем усіх аматараў якаснай этна-музыкі ў R-клюб (вул. Сурганова, 26) у суботу 25 верасьня!

На пятым фэсьце Crivia Aeterna таксама выступяць: лепшы нэафолк-гурт ахопленай агнём Расіі Majdanek Waltz, старэйшы рытуальны эмбіент-праект Беларусі Pragnavit, martial-адкрыцьцё з Гомеля Svalbard, патрыярх дударскай традыцыі Крывіі Тодар Кашкурэвіч і ягоны гурт Essa, мінезінгеры з Testamentum Terrae ды іншыя.

Кошт квіткоў: 35 тыс. руб. папярэдне і для іншагародніх (пры наяўнасьці праезнага білета), 40 тыс. руб. у дзень канцэрта. Інфармацыя па тэлефонах: (029) 6466497 і (029) 7083191.

Арганізатары фэсту

12:40, 08/09/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0624 seconds.