Оксфардзкі слоўнік ангельскай мовы «больш ня будзе публікавацца на паперы»

Наступнае выданьне буйнейшага Оксфардзкага слоўніка ангельскай мовы магчыма ніколі ня будзе надрукаванае на паперы з-за ўзьдзеяньня Інтэрнэту на продажы кніг.


20 тамоў папярэдняга выданьня буйнейшага слоўніка ангельскай мовы выйшлі ў 1989 годзе. Фота GETTY

Продажы слоўніка ўпалі, як тлумачаць выдаўцы, з-за росту папулярнасьці он-лайн альтэрнатыў. Апошняя вэрсія слоўніка вельмі пасьпяхова існуе ў Сеціва і мае 2 мільёны хітоў у месяц ад карыстальнікаў, якія штогод плацяць за падпіску на сэрвіс па 240 фунтаў стэрлінгаў ($370).

«Рынак друкаваных слоўнікаў проста зьнікае, ён падае на дзесяткі адсоткаў у год», — кажа Найджэл Портвуд, выканаўчы дырэктар выдавецтва Оксфардзкага ўнівэрсытэту.

У выніку наступнае, трэцяе выданьне слоўніку, падрыхтаванае яшчэ менш чым на траціну, магчыма зьявіцца толькі ў электронным выглядзе. Усё залежыць ад попыту, які не прагназуецца значна высокім. Над слоўнікам ужо 21 год працуе каманда з 80 навукоўцаў, і праца наўрад ці скончыцца хутчэй, чым празь дзесяцігодзьдзе. Папярэдняе выданьне Оксфардзкага слоўніка заняло 20 тамоў.

На думку Портвуда, з распаўсюдам такіх он-лайн чытальнікаў, як iPad ад Apple і Amazon Kindle, друкаваным слоўнікам засталося жыць каля 30 гадоў. Паводле стратэгіі распрацоўшчыкаў электронных чытальнікаў, ужо празь пяць гадоў электронныя кнігі будуць дамінаваць над звычайнымі.


Магчыма, праз такія чытальнікі электронных кніг у будучым людзі будуць вывучаць слоўнікі

Цікава, што нягледзячы на сваю рэпутацыю, Оксфардзкі слоўнік (праца над ім вядзецца з 1884 у аднайменным унівэрсытэце) ніколі не прыносіў прыбытку. А расходы на дасьледаваньні, зьвязаныя са слоўнікам, складаюць некалькі мільёнаў фунтаў у год.

Паводле telegraph.co.uk

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0782 seconds.