Электронныя кнігі адціскаюць папяровыя

Прадстаўнікі кампаніі Sony лічаць, што празь пяць гадоў электронныя кнігі будуць дамінаваць над звычайнымі. Тым часам, продажы электронных кніг на буйнейшай інтэрнэт-краме Amazon упершыню перавысілі продажы іх цьвёрдых копій.


Такія чытальнікі электронных кніг прапануюць цяпер на рынку

Тры гады таму Стыў Хэбер (Steve Haber), кіраўнік аддзелу Sony, што займаецца распрацоўкай электронных чытальнікаў, даводзіў, быццам папяровым кнігам засталося жыць толькі 10 гадоў. Цяпер Стыў скарачае тэрмін, адведзены звычайным кнігам, да пяці гадоў.

Па яго словах, менавіта праз такі тэрмін электронныя кнігі зоймуць дамінуючае становішча адносна друкаваных. Такім чынам паўторыцца гісторыя музыкі і фота, якія ўжо прайшлі празь пэрыяд пераходу зь цьвёрдага на лічбавы фармат, піша Telegraph.

Прадказаньні людзей Sony пакуль пацьвярджаюцца лічбамі продажаў кніг у буйнейшай кніжнай он-лайн краме Amazon. Маркетолягі тлумачыць рост продажаў электронных кніг зьяўленьнем новых прыстасаваньняў для іх чытаньня, такіх як Kindle ад Amazon, Reader Touch ад Sony ці iPad ад Apple. Прыстасаваньні нагадваюць кампутары, але маюць зручныя памеры для чытаньня электронных кніг, напрыклад, у мэтро.

E-reader паступова пазбаўляецца ад хібаў, якія непазьбежна перадаліся яму праз «кампутарнае» паходжаньне гэтага прыстасаваньня. Ён ужо навучыўся імітаваць рэальную паперу, шукаць словы ва ўсталяваным слоўніку, дазваляць камэнтаваць дакумэнты, мяняць шрыфты. Апошняе вельмі карысна для людзей з аслабленым зрокам.

Папера становіцца дарагім задавальненьнем, а электронныя кнігі ня будуць загрувашчваць вашы паліцы, тым больш і каштуюць яны меней. За электронную кнігу на тым жа Amazon трэба выкласьці ў сярэднім у два разы меней, чым за кнігу звычайную.

Па словах кіраўніка гэтай крамы, продажы электронных кніг, прызначаных для рыдэра Kindle, утроіліся пасьля зьмяншэньня кошту прыстасаваньня на 70 даляраў да $189. Цяпер інтэрнэт-крама прадае 143 Kindle-кнігі на 100 звычайных, перадае AFP.

Хаця экспэрты не сьпяшаюцца сьпяваць хвалебныя харалы электронным кнігам: пакуль іх продажы складаюць меней за 1% ад глябальнага рынку кніг. У 2009 годзе кніг у цьвёрдай вокладцы прадалі на $4.4 мільярды, у папяровай — на $5.1 мільярды. За электронныя ж кнігі прадаўцы выручылі толькі $8.1 мільёны.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0614 seconds.