Студэнты змогуць эканоміць на кнігах, арэндуючы іх праз э-рыдэры

Амэрыканская он-лайн крама Amazon прапанавала адмысловую праграму для студэнтаў, паводле якой яны могуць браць у арэнду кніжкі і чытаць іх на прыстасаваньня для электронных кніг Kindle. Эканомія даволі значная: каля 50% з улікам таго, што кнігі для студэнтаў у ЗША каштуюць значныя грошы.


А што стане з кнігамі звычайнымі?

Замест таго, каб цягаць з сабой тлусты фаліянт па батаніцы альбо сядзець у бібліятэках днямі, гартаючы яго ж у пылу іншых тамоў, амэрыканскія студэнты могуць проста спампаваць патрэбны том на свой э-рыдэр — прыстасаваньне для чытаньня электронных кніжак — і адчуць усе перавагі лічбавага стагодзьдзя для свайго гаманца і сьпіны.

Канешне, за электронную копію прыйдзецца заплаціць, праўда, меней, чым за цьвёрдую. Напрыклад, новая копія кнігі David P. Clark Molecular Biology каштуе ў краме Amazon $104.31, выкарыстаная — $40, а электронная вэрсія — $39.99. Але гэтую кніжку цяпер можна ўзяць у «студэнцкую» арэнду — каштаваць тое будзе $34.08. Атрымліваецца, у тры разы таньней, чым набываць новае выданьне.

Кніга «здымаецца» на пэўны час. Калі ён сыходзіць, яна проста зьнікае з э-рыдэра . Зрэшты, праз пэўны час яе зноўку можна зьняць, гэтым аднавіўшы ўсе свае нататкі, прысьвечаныя ёй у э-рыдэры . Праўда, як часта студэнты вяртаюцца да пройдзенай у мінулым сэмэстры літаратуры?

Верагодна, амэрыканскія студэнты знойдуць нямала карыснага ў гэтай праграме па арэндзе кніжак. Amazon абяцае зьніжкі да 80%, пры тым, што набываць іх можна ня толькі для электронных прыстасаваньняў гэтай кампаніі.

Э-рыдэры ўсё болей распаўсюджваюцца ў ЗША, хаця доля студэнтаў, што карыстаюцца імі, яшчэ не такая вялікая. Гэтак, паводле дасьледаваньня адной з кніжных асацыяцый, 75% амэрыканскіх студэнтаў усё яшчэ надаюць перавагу цьвёрдым копіям. Зрэшты, доля гэтых людзей даволі хутка скарачаецца. Экспэрты кажуць, што сапраўдны бум электронных кніг можа адбыцца прыкладна праз пакаленьне, калі вырастуць дзеці, чыімі лемантарамі ўжо цяпер могуць стаць электронныя кніжкі.

Афіцыйна набыць Kindle для карыстаньня ў Беларусі немагчыма, аднак яго можна замовіць празь іншую он-лайн краму. Кшатаваць гэткая прыклада будзе прыкладна $165 — болей, чым пяць мінімальных беларускіх стыпэндый.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0535 seconds.