Пабоішча на музычным фэстывалі ў Расеі
Арганізаваная група прыблізна ў 100 чалавек напала ўчора на наведнікаў музычнага фэсту «Тарнада», што праходзіць ва ўральскім горадзе Міас Чэлябінскай вобласьці Расеі. Сярод хэдлайнэраў фэсту сёлета былі вядомыя расейскія рок-зоркі і беларусы «Ляпіс Трубяцкой». У выніку нападу некалькі дзясяткаў чалавек моцна параненыя. Большасьць міліцыянтаў і аховы фэстывалю ў момант нападзеньня разьбегліся і ніяк не дапамаглі пацярпелым. Нападнікі загадзя ўзброіліся бітамі і пнэўматычнымі пісталетамі, а таксама адбіралі дубінкі ў некаторых міліцыянтаў.
Учора каля 20.00 па мясцовым часе да паўночнага ўваходу фэстывалю «Тарнада» прыехала адачасова вялікая колькасьць аўтамабіляў прадстаўнічага клясу без нумароў. Зь іх пачалі выходзіць мужчыны рознага ўзросту і здымаць зь сябе майкі. Збудаваўшыся ў калёну прыблізна ў 100 чалавек яны прайшлі на тэрыторыю фэстывалю. Зьвесткі відавочцаў супярэчлівыя: нехта гаворыць, што ахова схавалася і не спыняла іх, хтосьці сьцьвярджае, што ахове таксама дасталося.
У гэты момант на фэсьце пачынаў свой сэт гурт «Тараканы». Калёна нападнікаў прайшла да галоўнай сцэны і там рассыпалася на групы ды пачала зьбіваць усіх, каго бачыла. У тым ліку дзяўчатаў і зусім малых падлеткаў. Відавочцы пішуць у сацыяльных сетках, што тыя, хто спрабаваў абараняцца, былі зьбітыя болей за астатніх.
Цягам прыблізна 15 хвілінаў адбывалася масавае зьбіцьцё. Пасьля чаго гэтак жа раптоўна, як пачыналася, яно і спынілася. Нападнікі паапраналі майкі, зьмяшаліся з натоўпам і спакойна пакінулі тэрыторыю фэсту.
Ужо праз 10 хвілінаў зьявіліся першыя машыны хуткай дапамогі. Недзе праз паўгадзіны пасьля нападу прыехалі ўзброеныя міліцыянты. Блізу 22.00 быў аб'яўлены плян «Перехват», у выніку якога затрымалі 15 чалавек. Ці маюць яны сапраўды дачыненьне да нападу, пакуль не вядома.
Паводле некаторых зьвестак у часе байкі загінула 14-гадовая дзяўчына, аднак ГУУС Чэлябінскай вобласьці гэту інфармацыю абвяргае.
На дадзены момант у сьпісе пацярпелых каля двух дзясяткаў чалавек.
Прычыны нападу на фэст невядомыя. Высоўваюцца розныя вэрсіі ад палітычных да побытавых. Большасьць відавочцаў пішуць, што нападнікі ня былі падобныя да скіноў, а выглядалі досыць звычайна. Аднак усе адзначаюць, што дзейнічалі яны вельмі арганізавана.
Пасьля пабоішча арганізатары вырашылі не спыняць фэст і ён працягваўся да 3-й гадзіны ночы. На сцэне працягвалі выступаць розныя гурты, у тым ліку «Ляпіс Трубяцкой». Гурт у момант нападу быў у гасьцініцы, нічога ня бачыў і зь імі ўсё добра.
Інфармацыя паводле абмеркаваньня ў суполцы фэстывалю vkontakte, фотаздымкі chelnovosti.ru