Deutsch-Belarussisches Blog: Пра Беларусь ад беларускамоўнага немца

Андрэ Бём — вядомы многім выкладчык нямецкай мовы — пасьля шасьці гадоў працы ў БДУ вяртаецца ў Нямеччыну. Аднак зусім не разьвітваецца — будзе выкладаць там беларускую літаратуру. А ўзмацняць беларуска-нямецкія культурныя сувязі беларускамоўны Бём узяўся яшчэ й праз блог, які заснаваў некалькі дзён таму.


André Böhm. Выява з wikipedia.

«Блог прысьвечаны беларускай культуры, мове і літаратуры. Таксама буду рэклямаваць мерапрыемствы, якія маюць дачыненьне да Беларусі і да беларускай культуры і адбываюцца ў Нямеччыне і ў Беларусі. Гэта тычыцца і мерапрыемстваў нямецкай культуры ў Беларусі — да прыкладу, Тыдзень нямецкай культуры. З гэтай прычыны прашу ўсіх дасылаць мне інфармацыю пра падобныя мерапрыемствы, каб я змог ставіць гэта на свой сайт», — зьвяртаецца Бём.

Блог выкладчык вядзе на дзьвюх мовах — беларускай і нямецкай. Тэматыка блогу вымалёўваецца ўжо з першых пастоў аўтара: «Калі б Беларусь мела сваё мора…», «Якуб Колас і ягоны Сымон…» ды іншыя.

André Böhm на працягу шасьці гадоў (2005–2010) выкладаў нямецкую мову ў БДУ, а зь зімовага сэмэстру будзе працаваць у Ольдэнбургскім унівэрсытэце як выкладчык беларускай літаратуры. Аднак Андрэ Бёма ведаюць ня толькі нямецкамоўныя студэнты з БДУ. Бём вольна валодае беларускай мовай і перакладаў такіх беларускіх аўтараў як Альгерд Бахарэвіч, Зміцер Вішнёў, Віктар Жыбуль, Алесь Разанаў, Андрэй Хадановіч, Ігар Бабкоў. Адна зь ягоных мараў — перакласьці на нямецкую раман Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» і паэму Якуба Коласа «Новaя зямля».

Зацікаўленасьць Бёма беларускай культурай зьявілася ў яго ў час паўтарагадовай вучобы ў БДУ (1999–2000). Менавіта тады Бём і авалодаў беларускай мовай, а таксама пачаў перакладаць беларускую літаратуру. Дарэчы, магістэрская праца выпускніка Ляйпцыгскага ўнівэрсытэту таксама была прысьвечаная творчасьці беларускага пісьменьніка — Уладзіміра Караткевіча. Цяпер праца «Weltbild und Figurenkonzeption in ausgewählten epischen Werken von Uladzimir Karatkevič» (2002 г.) месьціцца ў музэі Караткевіча ў Воршы.

tarka 10:20, 30/08/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0599 seconds.