«Камяніца — такі фэст, што кідай усё і спрычыніся»

Фэстываль «Камяніца» ўпершыню прайшоў год таму і сабраў каля трох тысячаў наведвальнікаў. А атрыманыя грашовыя сродкі пайшлі на рэстаўрацыю ўнікальных помнікаў драўлянага дойлідзтва, разьмешчаных на тэрыторыі музэю.

Сяргей Чэгрынец

На прэс-канфэрэнцыі ў страўні «Камяніца» каардынатар фэсту Сяргей Чэгрынец узгадваў нараджэньне ідэі і першыя крокі па стварэньні новага фэстывалю, які, як высьветлілася, быў даўняй марай музэю. Супраца каманды Чэгрынца і музэю вядзецца ўжо трэці год, а пачыналася з адкрыцьця ў Азярцы «Карчмы» з нацыянальнай беларускай кухняй.

«У нас была мара — каб на тэрыторыі музэю праводзіліся масавыя, значныя ў рамках рэспублікі і нават болей мерапрыемствы, — адзначыла дырэктарка музэю Сьвятлана Лакотка. — Робім шмат падзеяў, аднак фэст — адно з самых масавых і значных. У яго рэалізацыі задзейнічана 99% супрацоўнікаў музэю, і ўсе мы слова „фольк“ успрымаем як нешта сваё».

Музэй народнай архітэктуры і побыту знаходзіцца ў вёсцы Азярцо ў 5 кілямэтрах ад Менску (за аўтарынкам «Малінаўка»). На маляўнічых лугах разьмешчаная ўнікальная калекцыя помнікаў драўлянай архітэктуры 18–20 стагодзьдзяў з усёй Беларусі: дамы і цэрквы, млыны, гаспадарчыя будынкі.


Атмасфэра Камяніцы-2009 у фотарэпартажы

Сцэна пад фэстываль месьціцца там жа, што дае магчымасьць паслахуць-патанчыць пад жывую этнічную музыку, а таксама пазнаёміцца з музэем ды проста пашпацыраваць па восеньскіх лугах. Музычную праграму мінулага году ўзначалілі гурты Kriwi, «Стары Ольса», «Нагуаль», «Джамбібум».

«У мінулым годзе мы хутчэй спрабавалі свае сілы, таму гэтым разам мы павінны ўсё зрабіць яшчэ лепш на ўсіх узроўнях, ад транспарту да музычнай праграмы», — дзяліўся плянамі да другога фэсту Сяргей Чэгрынец.

Так, да хэдлайнэраў, якімі ў гэтым годзе будуць славутыя «Троіца» і «Палац», далучыліся гурты «Маланка Аркестр», Akana, «Бан-Жвірба» і Guda. Да таго ж арганізатары прымаюць прапановы да ўдзелу ад маладых фолькавых гуртоў. З гэтага году таксама стартуе традыцыя запрашэньня адмысловых гасьцей. Вядомыя выканаўцы зь іншых музычных стыляў будуць у межах фэсту сьпяваць народныя песьні. Першым на такі экспэрымэнт пойдзе вядомы рок-музыка Лявон Вольскі.

«Запрашэньне было досыць нечаканым, але тым больш цікавым, — прызнаўся Лявон. — Будзем прэзэнтаваць невялікую адмысловую праграму з акустычнымі інструмэнтамі. Спадзяюся, што фольк-дзеячы не раскрытыкуюць наш экспэрымэнт».

На прэс-канфэрэнцыі фольк-дзеячы разважалі пра фольк у Беларусі і сьвеце ды пэрспэктывы беларускіх фэстаў. Іван Кірчук з «Троіцай» аб'езьдзіў за 10 год болей 80 фэстываляў — ад Малайзіі да Партугаліі, выступаў на канцэртных пляцоўках, у музэях і замках.

Іван Кірчук

«Нарэшце і мы дакрычаліся! — адзначыў Кірчук. — Бо на кожнай прэс-канфэрэнцыі гаворым, што ў Беларусі ўсяго мала — толькі „Славянскі базар“ ды ўсё. Няхай на нашай зямлі будзе шмат розных фэстываляў. Pepsi Sziget — гэта 40 пляцовак і тыдзень працягласьці! Калі „Камяніца“ будзе мець такі ўзровень, мы толькі з задавальненьнем будзем прымаць удзел і слухаць розных выканаўцаў. На жаль, пакуль Беларусь ня можа запрасіць выдатных этнічных выканаўцаў зь іншых краінаў сьвету, якія б таксама ўпрыгожылі фэст. Аднак за гэтым будучыня».

Алег Хаменка

Алег Хаменка падтрымаў калегу і выказаў сваё прафэсійнае хваляваньне за стан фольку ў Беларусі:

«Фэстывалі, якія прапануюць сучасны погляд на традыцыйны, на аўтарскі фальклёр, надзвычай неабходныя сёньня ў Беларусі. Гэта сфэра ў нас у такім стане, як быццам зараз яшчэ 19 ст. А менавіта на фольку з правінцыяў Італіі, Францыі і гэтак далей грунтуецца тое, што потым выходзіць на ўзровень папулярнай музыкі ў Эўропе. Якраз вось гэтага звычайнага падмурку ў Беларусі ня тое што няма — ёсьць, аднак выглядае зусім ня так як у Заходняй Эўропе ці ў ЗША.

Уся музыка, якой бы экспэрымэнтальнай ці камэрцыйнай, папсовай яна ні была, калі яе разабраць па частках, будзе бачна, што яна базуецца менавіта на фальклёры. У Беларусі фольк-гуртоў сама менш існуе каля тысячы. Іншая справа, што мы пра іх ня ведаем і яны паміж сабою не стасуюцца.

Такі фэст — гэта той выпадак, калі ўсё кідай, і спрычыніся да таго, што людзі спрабуюць рабіць гісторыю!»

Патрапіць на фэст можна будзе на ўласным аўто і грамадзкім транспартам. Ад прыпынку «Малінаўка-6» (скрыжаваньне вуліц Громава і Слабадзкой) да музэю і ад яго з 13 да 22 гадзін будзе хадзіць бясплатнае маршрутнае таксі. Акрамя таго да музэю і зь яго можна будзе дабірацца аўтобусам № 203 ад аўтастанцыі «Паўднёва-Заходняя», які ў гэты дзень будзе хадзіць часьцей і пазьней, чым звычайна. Кошт квіткоў на фэст: 6300 руб. для дарослых, 3150 руб. для школьнікаў. Працягласьць: з 15 да 22 гадзіны. Папярэдні продаж квіткоў — вул. Кальварыйская 17 — 614, тэл. (017) 209 41 63. Папярэдняя рэгістрацыя, відэа ўдзельнікаў і дадатковая інфармацыя на сайце http://fest.kamyanitsa.by. Даведка: (029) 670 13 30.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0601 seconds.