Sziget. Частка2: Тут можна жыць і цэлы год!


Праз гэты мост зь вітаньнямі на розных мовах наведнікі штодня трапляюць на востраў.

Фэстывальны тыдзень Sziget у Будапэшце працягваецца. Кожны дзень радуе музычнымі адкрыцьцямі ды выступамі зорак. Арганізм перайшоў на іншы лад жыцьця: кладземся спаць а 4-й, пад’ём а 12-й, вушы прызвычаіліся да гучных сцэнаў/бараў з няспыннай музыкай, ды нарэшце пачалі без мапы арыентавацца на востраве. Як мы тут абжыліся, як на галоўнай сцэне запальваў “Ляпіс Трубяцкой” і чым гэта скончылася – у чарговым дзёньніку з аднаго з буйнейшых фэстываляў Эўропы Sziget.


У час выступу Gorillaz Sound System. У поўнай цемры музыкі забацалі шоў са сваіх гітоў, традыцыйна схаваўшыся за экранам з трансьляцыяй кліпаў.

Трапіўшы сюды, было страшна згубіцца ў натоўпах яркіх рознаўзроставых сотнях тысячаў наведвальнікаў з усёй Эўропы. Схопленая ў першыя хвіліны прыбыцьця на востраў мапа Sziget'у цяпер пераўтварылася ў пацёрты прамоклы шматок. А ногі ўжо інтуітыўна вядуць у розныя сэктары востраву: тут галоўная сцэна, за ёй mtv-сцэна, A38-wan2, яшчэ далей маленькія і ўтульныя джазавая і блюзавая сцэны, на іншым баку world music stage, party arena, рэгі-сэктар ды яшчэ сотня кавярняў-бараў-крамаў-сцэнаў па ўсім востраве.


Вялізныя пляцоўкі ля сцэнаў дазваляюць і паслэміцца ў натоўпе, і паназіраць побач альбо парэлаксаваць на пяску, які яшчэ пару дзён таму быў усланы шчыльнай зялёнай травой.

Ідзем і пазнаем месцы, якія ў першы дзень падаваліся выпадковымі. Вось у гэтым шапіку мы ў першы дзень далучаліся да мясцовай сувязі, тут выпілі першы куфаль піва Dreher, а тут рызыкнулі на мясцовую самагонку Palinka. Побач намёты беларусаў, што прыехалі на арганізаваным аўтобус-туры. Зь імі мы ночылі па прыезьдзе, аднак на раніцу зьбеглі ў караван-сэктар, дзе можна спыняцца з машынаю, кідаць намёты на траўцы пад высокімі дрэвамі. Побач кругласуткавыя душы зь дзесяткамі кабінак - хапае ўсім. Нашых суседзяў французаў бачым толькі па раніцах, калі яны чытаюць кніжкі ў цяньку ці сьпяць на дыванках. Бэльгійцы побач прыехалі цэлым мікрабусам ды абжыліся напоўніцу: разьвешваюць вакол пасьціраную бялізну, смажаць яешню па раніцах ды цягаюць бідонамі пітную ваду. Да галоўнай сцэны ад нас хвілінаў 7 праз насычаную гандлёвую вуліцу зь ежай-пітвом, моднымі хіпоўскімі ды індыйскімі шмоткамі ды цішоткамі маладых мясцовых дызайнэраў.


На галоўнай сцэне выступае Papa Roach.


На выступы хэдлайнэраў частка прыхільнікаў займае месцы пад сцэнай за некалькі гадзінаў да выступу, аднак пры жаданьні прабіцца ў першыя шэрагі можна заўжды.

Надвор'е тут сьпякотнае, да гадзінаў трох усе стараюцца валяцца ў цяньку ці піць піва пад тэнтамі, рэлаксаваць на лежаках па розных кавярнях. Потым востраў ажывае нібы пчаліны рой. Шчыльныя натоўпы рушаць да сцэнаў з музыкай на любы густ. Учора-пазаўчора паслухалі Faithless, Tony Allen, Gorillaz Sound System, Oi Va Voi, Paradise Lost, мясцовых Zagar ды дзесяткі іншых выканаўцаў.

Каб падтрымаць музыкаў са сваіх краінаў, прыхільнікі цягнуць сьцягі на дзёрзка выламаных тут жа на востраве галінах. Так учора з усяго востраву зьбіраліся і беларусы - на галоўнай сцэне, дзе ў гэты ж дзень чакаліся Papa Roach ды 30 Seconds to Mars, выступаў "цуда-гурт з горада-герою Менску" "Ляпіс Трубяцкой".

Выступ "Ляпісаў" стаў сапраўдным падарункам усім прыхільнікам гурта, якія даехалі да Будапэшту. Да галоўнай сцэны падцягнуліся беларусы, украінцы, расейцы ды іншыя цікаўныя гледачы. Гурт парадаваў надзвычай шчырым выступам зь незавучанымі прамовамі паміж песьнямі, а імправізаванымі жартамі. У парыве эмоцыяў Міхалок бліжэй да сканчэньня выступу нават вывіхнуў нагу. На супольную думку многіх прысутных беларусаў, гэта быў ці ня лепшы канцэрт "новых" Ляпісаў. Было прыемна адчуваць гонар за такі выступ землякоў на галоўнай сцэне Sziget.


Мэталісты Paradise Lost.


Танцавальны Sziget-флэшмоб, невялікія рэпэтыцыі шоў ладзіліся наведвальнікамі штодня, а ў фінальны дзень дзесяткі тысяч людзей сабраліся ля галоўнай сцэны, каб станчыць разам.


На 400-тысячы фэст зьбіраецца прэса з усёй Эўропы.

А ўначы ў разгар незьлічоных паці ў сэкунду грымнула маланка, умомант асьвяжыўшы рэлаксовую атмасфэру востраву. Зь вясёлым візгатам мітусіліся ўсе - хто пад дрэвы, хто ў бар. Залева прайшла, пакінуўшы на начным востраве цэлыя азёры вады, так што да бараў можна было "даплываць". Чым многія і карысталіся, наладзіўшы вясёлыя шматнацыянальныя гульні ды танцы ў вадзе ды брудзе. Тут кожны можа дазволіць сабе пабыць панкам! :) А потым душ, чыстая вопратка і новы фэстывальны дзень з новымі прыгодамі. Няма часу расьпісваць, час зноўку ўлівацца ў агульны рытм Sziget. Нас чакае Iron Maiden, Nina Hagen, Kasabian, Muse і ды начная паці з Infected Mushroom. Мы тут ужо прыжыліся!

Чытаем таксама папярэднія рэпорты:

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0602 seconds.