Гэта лета можа стаць самым гарачым за ўсю гісторыю

Паведамленьні мэтэаролягаў стракочуць клічнікамі, кожны дзень прыносіць новы тэмпэратурны рэкорд. Віцебск — +37.7, Магілёў — Магілёў +36.8, Гомель — +38.4. У выніку ўчора быў пабіты абсалютны рэкорд беларускіх тэмпэратур, які трымаўся паўстагодзьдзя. Тым часам да Беларусі падбіраюцца расейскія лясны пажары. Чаго далей чакаць?


Такое надвор'е ў Беларусі было ўчора ў 18 гадзін. Мапа pogoda.by

Гэта лета ў Беларусі можа стаць самым гарачым за ўсю гісторыю мэтэаралягічных назіраньняў. Такое меркаваньне выказала начальніца аддзелу клімату Рэспубліканскага гідраметцэнтру Алена Камароўская, перадае БЕЛТА.

Алена Камароўская адзначыла, што першыя пяць дзён жніўня былі вельмі гарачымі, асабліва ва ўсходняй частцы краіны. Учора, 6 жніўня, абсалютныя максымумы тэмпэратуры за ўсю гісторыю назіраньняў былі адзначаныя ў Гомелі (+38.4°C), Віцебску (+37.7°C), Магілёве (+36.8°C).

За ўчорашні дзень адразу ў трох гарадах былі пабітыя рэкорды за ўвесь пэрыяд назіраньняў, адзначаюць у беларускім гідраметцэнтры. Спачатку ў Гомелі быў зафіксаваны гістарычны максымум у +38.4°C, пасьля Касьцюковічы перадалі — +38.5°C, але ў выніку на перад выйшлі Горкі, дзе прыборы паказалі страшэнныя +38.7°C.

Папярэдні рэкорд +38 трымаўся з 1946 году.

Прыкладна такія тэмпэратуры, толькі на долі градусаў ніжэйшыя, назіраліся ў 1999 годзе. «Лета 1999 года да гэтага часу лічылася самым гарачым за ўсю гісторыю мэтэаназіраньняў. Калі ў жніўні ня будзе якіх-небудзь значных пахаладаньняў, то рэкордна гарачым стане менавіта гэта лета», — сказала спадарыня Камароўская.

Тым часам да Беларусі падбіраюцца лясны пажары з тэрыторыі Расеі. Лес гарыць у 10 км. ад мяжы зь Беларусьсю ў раёне Воршы. Таксама прыняць удар пажараў рыхтуецца Бранская вобласьць, што мяжуе з Гомельскай. Мапу лясных пажараў можна забачыць тут.

На сёньня і заўтра па Брэсцкай і Гарадзенскай абласьцях перададзенае штармавое папярэджаньне. Там чакаюцца навальніцы, залеі, моцны вецер. Заўтра ў Менску ўдзень будзе да +36, магчымы дождж. Чакаецца, што на наступным тыдні сьпякота спадзе. Як перадаюць сыноптыкі, з панядзелку да чацьвера тэмпэратура ў Менску ня будзе падымацца вышэй за +28.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0558 seconds.