Студэнтаў прымусяць чысьціць Менск ад сьнегу

Мэр прыстрашыў штрафамі кіраўніцтву ўнівэрсытэтаў, калі студэнты ня выйдуць на вуліцы з рыдлёўкамі.

Мэр Менску Мікалай Ладуцька незадаволены тым, што жыхары гораду ў выходныя ня выйшлі на вуліцы, каб замест камунальных службаў заняцца прыборкай іх ад сьнегу:

«Людзі ня выйшлі ў выходныя дні, не расчысьцілі тэрыторыю каля сваіх машын, у дварах. Роля і месца насельніцтва ва ўборцы сьнегу мусіць быць вызначаная», — сказаў Мікалай Ладуцька на сёньняшняй нарадзе ў мэрыі.

На яго думку, расчысткай сьнегу ў першую чаргу мусілі заняцца і студэнты ВНУ, якія «належнага энтузіязму не праявілі». Таму «Кіраўнікі дзяржустаноў, якія не забясьпечылі ў поўнай меры расчыстку сваіх тэрыторый [...], усе упаўнаважаныя ад гэтых арганізацый [...], мусяць быць прыцягнутыя да адказнасьці і аштрафаваныя».

Цяпер кантроль за тым, як студэнты і супрацоўнікі іншых дзяржустановаў змагаюцца са сьнегам, будуць весьці кіраўнікі раённых адміністрацый. Пры гэтым, у мінулыя выходныя на барацьбу са сьнегам выйшлі нават чыноўнікі. Праўда, змагацца з прыродай яны будуць паперкамі і санкцыямі.


Скрыншот зь сюджэту АНТ аб БРСМ і «Белай Русі» на вуліцах Менску

Гэтак, крамы і кавярні ўздоўж галоўнага праспэкту Менску ўжо папярэджаныя за непрыбраны сьнег вакол устаноўваў. Аб гэтым паведамляе Эўрапейскае радыё для Беларусі.

Хаця ня ўсе студэнты лайдачылі ці рыхтаваліся да апошніх іспытаў. Як паведамляе АНТ, «валянтэры БРСМ» на выходных ужо пасьпелі «вызваліць ад сьнежнага палону плянэтарый» і адбудаваць горку для дзяцей. Апэрацыя адбывалася пад кантролем першага сакратара менскай арганізацыі БРСМ Юрыя Чачукевіча. Тым часам мэтэаролягі кажуць, што самыя моцныя сьнегапады яшчэ наперадзе.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0576 seconds.