Самыя высокія ўступныя конкурсы — у інстытутах МНС і МУС

Толькі кожны чацьвёрты беларускі першакурсьнік будзе вучыцца на дзённым бясплатным аддзяленьні. Вынікі сёлетняй уступнай кампаніі кажуць аб тым, што найбольшыя конкурсы ў тых ВНУ, дзе навучаюць ратавальнікаў ды міліцыянэраў. Найбольшы конкурс па краіне на бюджэтнае аддзяленьне быў у Гомельскім інжынэрным інстытуце МНС і Камандна-інжынэрным інстытуце МНС.

5.6 чалавека ў сярэднім прэтэндавалі ў гэтым годзе на адно месца ў Гомельскім інжынэрным інстытуце Міністэрства надзвычайных спраў, а ў Магілёўскім вышэйшым каледжы МУС конкурс узьняўся да трох чалавек на месца. Менскія ўнівэрсытэты не ідуць ні ў якое параўнаньне. У БДЭУ сярэдні конкурс — 2.7, і тое лепшы вынік у горадзе!

Варта адзначыць, што прэстыжнасьць той ці іншай спэцыяльнасьці вызначаецца ні па колькасьці жадаючых стаць яе студэнтамі, а па прахадным бале, які кожны абітурыент можа падлічыць у любы момант уступнай кампаніі. Таму самыя лепшыя спэцыяльнасьці звычайна маюць невялікі конкурс. Так, напрыклад, прахадны бал у тым жа Гомельскім інжынэрным інстытуце сярод хлапцоў (там асобны конкурс у хлапцоў і дзяўчат) быў 195 балаў, а прахадны бал на Юрфак БДУ — 302.

У гэтым годзе моцна ўпаў конкурс ў беларускія ВНУ. Калі ў 2009 г. сярэдні конкурс на бюджэт па краіне складаў 2.3 чалавекі на месца, то ў гэтым годзе лічба жадаючых паступіць на бюджэт скарацілася на 13%. Сярэдні конкурс па краіне — 2 чалавекі на месца. У выніку на бюджэтныя аддзяленьні залічылі 25 тыс. 875 чалавек, перадае БелТА.

Такім чынам, толькі кожны чацьвёрты беларускі першакурсьнік вучыцца на дзённым бясплатным аддзяленьні. Яшчэ прыкладна 7 тысячаў бясплатнікаў паступілі на завочнае. Агулам у гэтым годзе плянавалася набраць у ВНУ 103 тысячы чалавек.

Цікава, што 188 замежнікаў будуць навучацца на першым курсе за кошт беларускай дзяржавы. Сярод іх грамадзяне Расеі, Казахстану, Туркмэністану і іншых краін СНД.

Да таго ж на некаторыя спэцыяльнасьці сёлета недабор. Напрыклад, у Беларускім дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце недабор на спэцыяльнасьцях, зьвязаных з выкладаньнем матэматыкі і фізыкі. У БДУІРы выявіліся праблемы з напаўняльнасьцю спэцыяльнасьцяў радыёэелектроннага профілю. Напрыклад, на 3 бюджэтныя месцы спэцыяльнасьці «мадэляваньне і кампутарнае праектаваньне радыёэлектронных сродкаў» так ніхто і не падаў дакумэнты. А прахадны бал на фізфак БДУ апусьціўся да 108 балаў. На факультэце міжнародных адносінаў ён сягаў за 360.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0567 seconds.