У Францыі зьявіўся прытулак для апазыцыйных блогераў
Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры бязь межаў», якая займаецца аховай правоў журналістаў, гатовая прапанаваць сховішча ў сваёй парыскай штаб-кватэры блогерам, што ва ўласных краінах падвяргаюцца перасьледу з боку ўладаў.
Як перадае AFP, «Рэпарцёры бязь межаў» прапануюць прытулак у сваёй штаб-кватэры замежным вэб-журналістам і блогерам, што церпяць ад уладаў у сваіх краінах. Арганізацыя будзе сяліць уцекачоў у адмыслова адведзеным для гэтага пакоі. Праваабаронцы забясьпечаць журналістам кампутарамі, абароненым выйсьцем у Сеціва і праграмай-ананімізатарам.
Індэкс свабоды прэсы 2009 паводле «Рэпарцёраў бязь межаў». Чым бліжэй колер да чырвонага, тым меней у краіне свабоды. Беларусь займае 151 месца ў рэйтынгу, мяжуючы зь Фіджы і Аўганістанам
Таксама ў плянах «Рэпарцёраў бязь межаў» забясьпечыць блогераў-апазыцыянэраў, што адмовіліся пакідаць сваю краіну, бясплатным і «ананімным» выйсьцем у Інтэрнэт. Па якім прынцыпе арганізацыя будзе адбіраць ўдзельнікаў праграмы, пакуль невядома.
Па дадзеных «Рэпарцёраў бязь межаў», каля 120 чалавек па ўсім сьвеце знаходзяцца ў турмах з-за сваіх выказваньняў у Сеціве. Найгоршая сытуацыя са свабодай слова ў Інтэрнэце назіраецца ў Кітаі, Іране і Віетнаме.