Украінскія ўнівэрсытэты могуць застацца без аўтаматаў з прэзэрватывамі

Кіеўскія прадпрымальнікі ў межах кампаніі барацьбы са СНІДам вырашылі ўсталяваць паўтысячы аўтаматаў для продажы прэзэрватываў, у тым ліку ў корпусах унівэраў і інтэрнатах. Аднак прадстаўнікі ўкраінскіх рэлігійных арганізацыяў патрабуюць адмовіцца ад ініцыятывы, а рэктараў ВНУ з кандаматамі прыцягваць да пакараньня.


У аўтаматах будзе прадугледжаны студэнцкі варыянт «танна і патрэбна». Фота segodnya.ua

З падтрымкай фонду «Антыснід» распачаўся праект адной зь кіеўскіх кампаній па ўсталяваньні 500 аўтаматаў па продажы прэзэрватываў у цэнтры сталіцы, а таксама студэнцкіх інтэрнатах — месцах, дзе моладзь тусуецца найчасьцей. Аб гэтым паведамляе Delo.ua.

«Пад выглядам барацьбы са СНІДам фактычна прапагандуецца амаральны лад жыцьця і свабодныя палавыя стасункі», — так камэнтуе гэту ініцыятыву эпіскап Еўстратый, кіраўнік інфармацыйна-выдавецкага ўпраўленьня Кіеўскага патрыярхату.

На думку прадстаўнікоў рэлігійных супольнасьцяў, усталяваньне кандаматаў ва ўнівэрсытэтах супярэчыць заканадаўству Ўкраіны аб вышэйшай адукацыі, бо «маральна-выхаваўчы працэс мусіць забясьпечыць у першую чаргу маральнае, духоўна і эстэтычнае разьвіцьцё асобы». Таму калі такія аўтаматы будуць усталяваныя на тэрыторыі ВНУ, іх рэктары мусяць быць прыцягнутыя да адказнасьці, паведамляе Інстытут рэлігійнай свабоды.

На думку Грамадзкай рады пры Мінадукацыі па пытаньнях супрацоўніцтва з цэрквамі і рэлігійнымі арганізацыямі, дзяржаўная інфармацыйная кампанія аб СНІДзе застаецца аднабаковай і галоўнай мэтай ставіць толькі прапаганду прэзэрватываў.

Прадпрымальнікі ў сваю чаргу адзначаюць, што Ўкраіна захоўвае першае месца ў Эўропе па тэмпах распаўсюджваньня ВІЧ-інфэкцыі. У 2008 годзе колькасьць ВІЧ-пазатыўных украінцаў павялічылася амаль на 19 тысячаў чалавек.

Заяўкі на ўсталяваньне кандаматаў, дзе прэзэрватывы будуць прадавацца па тым жа кошце, што і ў крамах, ужо паступілі ад вядучых ВНУ краіны: Кіева-Магілянскай акадэміі і КНУ. Аўтаматы ў апошніх установах плянуецца загружаць перш за ўсё больш таннымі вырабамі: сярод студэнтаў варыянт «танна і патрэбна» карыстаецца найбольшым попытам, кажуць прадпрымальнікі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0623 seconds.