Новыя беларускія мэдыі сустрэлі сябе

Па пляжы басанож бегаюць разьняволеныя маладыя людзі ў зялёных цішотках. За некалькі гадзін да гэтага тыя ж людзі ў такіх жа цішотках снуюць па калідорах пансіянату ў літоўскім Швянтоі, толькі на гэты раз з ноўтбукамі. Ноўтбукі ім патрэбныя, каб посьціць у Твітэр свае ўражаньні ад «неканфэрэнцыі», якая адбываецца ў гэты момант ў пансіянаце. Беларуская партыя «Зялёныя» зьвезла сюды каля сотні беларускіх, швэдзкіх і ўкраінскіх новамэдыйшчыкаў: блогераў, інтэрнэт-журналістаў, падкасьцераў і праграмістаў — каб тыя падзяліліся вопытам пашырэньня ідэй сучасных мэдыя ў Сеціва.


Кожны ўдзельнік мэдыябаркэмпу мог сабраць людзей, каб паразмаўляюць на любую актуальную тэму

MediaBarCamp другі раз адбываецца на беразе Балтыйскага мора. Сюды запрашаюць беларускіх, украінскіх і швэдзкіх блогераў, журналістаў, IT-спэцыялістаў — усіх, для каго слова «мэдыя» нешта значыць.

Як кажа адзін з каардынатараў мерапрыемства Аляксей Крывалап, «усё ж такі гэта не сапраўдны баркэмп, бо ў ідэале баркэмы зьбіраюць да пяці соцень чалавек, гэта хутчэй мінібаркэмп».

А вось арганізатараў у мэдыябаркэмпу, па вялікім рахунку, няма. Ёсьць удзельнікі, якія самі ствараюць праграму мерапрыемстваў, выбіраюць час і месца сваёй прэзэнтацыі, папярэдне не ўзгадняючы яе дэталі з арганізатарамі. Ад таго мерапрыемства такога кшталту яшчэ называюць «неканфэрэнцыямі».

«Блогеры становяцца хэдлайнэрамі тэмы»

Найбольшую цікаўнасьць на мэдыябаркэмпе выклікалі прэзэнтацыі, прысьвечаныя пытаньням бясьпекі: як схаваць сябе ў Сеціве ва ўмовах уваходжаньня ў сілу ўказу аб рэгуляваньні беларускага Інтэрнэту. Падзяліцца досьведам зь беларусамі прыехалі нават два дысыдэнты зь Ірану, якія зараз жывуць у Швэцыі. У Іране інтэрнэт-цэнзура куды больш адладжаная, чым у нашай краіне. Іранцы паспрабавалі патлумачыць, што рабіць з абаронай інфармацыі, калі вы ўжо трапілі ў турму, а ваш ноўтбук — у рукі паліцыі.

Але само абмеркаваньне ўказу №60 ня выклікала асаблівай цікаўнасьці ў новамэдыйшчыкаў: на вечаровую дыскусію аб заканадаўчым акце дайшлі лічаныя баркэмперы, у той час як для большасьці даражэй сэрцу апынулася ўсё ж Балтыка.

«Блогеры становяцца хэдлайнэрамі тэмы», — кажа нядаўні намінант на званьне лепшага рускамоўнага блогера па вэрсіі нямецкай кампаніі Deutsche Welle Віктар Малішэўскі. Былы намесьнік рэдактара Камсамольскай праўды ў Беларусі, Віктар прыехаў на мэдыябаркэмп у якасьці блогера, вобразу якога ён імкнуўся адпавядаць усе тры дні неканфэрэнцыі: падкасаныя да галёнкі джынсы, позірк, паглыблены ўвесь час цераз камунікатар кудысьці ў глябальнае павуціньне.


Віктар Малішэўскі ў цэнтры

«Блогер больш свабодны, чым журналіст. Таму тут я як блогер, — кажа Малішэўскі. — Калі я працаваў у Камсамольскай праўдзе, мы лічылі, што пішам на „чалавечай мове“. Але калі заняўся блогерствам, то зразумеў, што мова блогера якраз больш „чалавечая“, чым мова журналіста».

Таму па сканчэньні шматгадовага пэрыяду актыўнай журналісцкай дзейнасьці Малішэўскі заняўся напісаньнем кнігі па IT-журналістыцы і пошукам новых тэмаў для блогерскіх допісаў:

«На прапрацоўку тэмы для допісу сыходзіць па некалькі дзён. Адначасова ў распрацоўцы знаходзіцца па некалькі тэмаў», — кажа Віктар.

«Малочную вайну выйграў я адзін»

Свабаднейшы за блогера на неканфэрэнцыі толькі баркэмпер, які не плянаваў ніякай прэзэнтацыі. Ён можа свабодна, падклаўшы пад паху нэтбук, нетаропкімі крокамі пераходзіць з адной залі ў іншую, выбіраючы паміж трыма 30-хвіліннымі паралельнымі расповядамі аб посьпеху, напрыклад, рэгіянальнага парталу, сэрвісу водгуках пра кіроўцаў і тусоўцы аб гарадзкім актывізме.

«Самазакаханае прэзэнтаваньне сваіх праектаў», — абураецца Марына, якая другі год запар удзельнічае ў мэдыябаркэмпе.

Хаця, калі правільна сябе прэзэнтаваць і рэпрэзэнтаваць, дзякуючы Сеціву можна зрабіць сябе імя.

«Паўтара гады таму мяне ня ведаў ніхто. Але дзякуючы поўнай пэрсаналізацыі — ананімнасьць у Сеціве сышла ў мінулае — пазыцыянаваньня, сябе як прыватнай асобы, адсутнасьці самацэнзуры, я пачаў уплываць на вэктар дзяржаўнай палітыкі», — кажа блогер і эканаміст Сяргей Чалы.

Па яго словах, вэктар дзяржаўнай палітыкі можна крыху ссунуць дзякуючы Інтэрнэту. Галоўнае — адмовіцца ад самацэнзуры.

«У час малочнай вайны я першы выклаў такую вэрсію падзей, якая падабалася журналістам, і мая вэрсія пачала перадрукоўвацца расейскімі ўплывовымі блогамі. Расейскія прапагандысты проста не пасьпелі адрэагаваць. Так малочную вайну выйграў я адзін», — сьцьвярджае Чалы.

Глухія 2000-я

На думку Наты Ісаевіч, якая прывезла на канфэрэнцыю адну з самых цікавых прэзэнтацый пра трэнды ў новых мэдыя, па ўзроўні разуменьня і разьвіцьці баркэмперскага руху Беларусь моцна адстае ад суседзяў:

«Ва Ўкраіне фармат баркэмпаў вельмі-вельмі моцна разьвіваецца. Там ёсьць ня толькі it-канфэрэнцыі, у іх ёсьць legalcamp аб юрыспрудэнцыі, адукацыйны кэмп. У Беларусі на гэта чамусьці марудна рэагуюць».

«На рыскім баркэмпе, напрыклад, людзі не хадзілі з прэзэнтацыі да прэзэнтацыі і думалі: „О, божа, калі абед?“ Людзі працавалі, ішлі ў куток і абмяркоўвалі нейкія праблемы».

«Шмат людзей тут ня ведаюць, што такое баркэмп увогуле. А прэзэнтацыі на гэтай канфэрэнцыі — гэта глухія 2000-я», — рэзюмуе Ната.

 


Відэа Анастасія Дарафеева, Karolina, Алесь Bezuher


Фота Алесь Bezuher

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0896 seconds.