Медыяактывісты і субкультуры на восьмым міжнародным Mediabarcamp у Літве

Традыцыйная вялікая травеньская сустрэча медыяактывістаў прайшла ў канцы мінулага тыдня ў Літве. Гэтым разам асноўнай тэмай міжнароднага баркэмпу была заяўленая неасцярожная і дыскусійная «Субкультуры палітыкі». Вялікія дыскусіі на восьмым баркэмпе займалі ключавыя месцы ў праграме побач з прэзентацыямі і майстар-класамі.

Паводле задумкі арганізатараў, цягам чатырох дзён ўдзельнікі з Беларусі, Украіны, Расіі, Азербайджану, Венесуэлы, Егіпту ды іншых экзатычных і не вельмі прастораў планеты мусілі шукаць адказы на актуальную беларускую праблему, як знайсці крок, які пераўтварае субкультуры палітыкі да культуры элітарнай. У адзін з дзён перад медыяактывістамі ў якасці сюрпрызу з'явіліся дзейныя беларускія палітыкі з гатоўнасцю адказваць на пытанні, што выклікала правакацыйны інтарэс ў публікі, але без асаблівага захаплення. Дыскусія з палітыкамі ў медыяактывістаў атрымалася даволі бескампраміснай, аднак не бясплённай.

Удзельнікі Медыябаркэмпа па традыцыі не ведаюць да апошняга моманту дакладную лакацыю імпрэзы. Тры аўтобусы прывезлі сёлета актывістаў, заяўкі якіх прайшлі конкурс на ўдзел, на бераг самага доўгага літоўскага возера Дубінгяй.

Два асноўных дні праграмы складаліся з дзясяткаў прэзентацый на медыйныя і не вельмі тэмы: нацыянальнае піва, новыя і старыя медыі, уплыў дыктатуры на псіхіку маладога чалавека, краўдфандынг, актыўнасць сацыяльных сетак ў часе рэвалюцыі ва Украіне, сакрэты матывацыі людзей на вопыце Арменіі ды іншыя.

Па выніках праграмы ўдзельнікі галасавалі за лепшую прэзентацыю – перамогу гэтым разам атрымаў Generation.by з прэзентацыяй «Cats, Sex & Politics» пра творчыя праекты сайту.

Прыгожае месца пад соснамі, няпростыя дыскусіі, прэзентацыі дзейных паспяховых праектаў і крэйзі-канцэпцый з медыясферы ды наваколля, майстар-класы ад прафесіяналаў і самаўпэўненых пачаткоўцаў з індустрыі, медыяактывісты ды заўсёдныя аматары вялікіх тусовак добрых людзей, 4 дні шыкоўнай прасторы для камунікацый – такім атрымаўся Медыябаркэмп 2015. Не гледзячы на не самы ўтульны кантэкст у рэгіёне праз абвастрэнне агрэсіўнасці Расіі ды эканамічныя крызісы, а таксама некаторую стомленасць ад веры ў перамены з дапамогай новых тэхналогій, на глебе якой некалі пачыналіся баркэмпы ва Ўсходняй Еўропе, Медыябаркэмп застаецца адной з лепшых і ўнікальных пляцовак для сустрэчы медыяактывістаў.

 


Юра Сідун 20:28, 11.05.2015 | Рэпартажы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0446 seconds.