Брытанскія навукоўцы высьветлілі, як правільна забіваць пэнальці
Псыхолягі з брытанскага Эксэтэрскага ўнівэрсытэту прыйшлі да высновы, што футбаліст, выконваючы удар з адзінаццацімэтровай меткі, павінен засяродзіцца на тым, куды ён плянуе трапіць мячом, і па магчымасьці ігнараваць брамніка. А яшчэ лепей гуляць не за грошы, а «на інтарэс». Тады і галоў будзе болей.
Беларусі брамнік Жаўноў прапускае адзіны гол на таварыскім матчы Беларусь-Швэцыя на стадыёне Дынама 3 чэрвеня. Фота Інтэрфакс-Захад
Як піша The Daily Telegraph, брытанскія навукоўцы прапанавалі 18 студэнтам-добраахвотнікам пазабіваць галы. На студэнтаў начапілі датчыкі, якія рэагавалі на зьмену кірунку іх погляду.
У выніку навукоўцы высьветлілі, што пры выкананьні ўдару пэнальціст зьвяртае ўвагу на тое, што ўяўляе для яго пагрозу, то бок на брамніка.
На самой справе, па словах навукоўцаў, пэнальцістам варта ігнараваць брамніка і сканцэнтраваць увагу на выкананьні удару. Дакладнасьць удару залежыць у асноўным ад пэнальціста, паколькі, калі мяч будзе накіраваны ў верхні кут, у брамніка практычна няма шанцаў выратаваць каманду ад гала.
Навукоўцы адзначаюць, што брамнікі часьцей адбіваюць пэнальці, калі перад выкананьнем удару яны спрабуюць адцягнуць увагу пэнальціста, размахваючы рукамі ці іншым чынам прыцягваючы да сябе увагу.
Частка добраахвотнікаў, якія бралі ўдзел у дасьледаваньні, выконвала пэнальці «на інтарэс», у той час як іншыя ўдзельнічалі ў своеасаблівым спаборніцтве: таму, хто заб’е больш за ўсіх галоў, паабяцалі прыз — 50 фунтаў стэрлінгаў (60 эўра). Тыя, хто спаборнічаў за грошы, рэалізавалі толькі 55 адсоткаў адзінаццацімэтровых удараў. Выніковасьць пэнальцістаў, якім не прапаноўвалі прэмію, склала 80%.