ЗША рэкрутуюць кібэр-салдат для інтэрнэт-войска

У Злучаных Штатах ствараецца 30-тысячнае падразьдзяленьне войска, якое зоймецца адбіцьцём інтэрнэт-атакаў. Камандаваць войскам будзе дырэктар Агенцыі нацыянальнай бясьпекі, а надзеляць яго ня толькі абарончымі, але і наступальнымі функцыямі.

Генэрал Кейт Александэр цяпер можа сьмела дадаць да свайго званьня прыстаўку «кібэр-». Пад яго кіраўніцтва ў хуткім часе паступяць 30 тысячаў сеціўных камандас — кампутаровых спэцыялістаў, лепшых зь лепшых у справе інфармацыйных войнаў і сеціўных атак. Вядома, кібэр-салдаты ні на каго проста так нападаць не зьбіраюцца, але адбіваць атакі ім прыйдзецца даволі інтэнсіўна.

Галоўнае задачай падразьдзяленьня стане абарона інфармацыйных сыстэм Пэнтагону, а таксама, у выпадку неабходнасьці, правядзеньне буйных вайсковых апэрацыяў. Паводле генэрала Александэра, Пэнтагон кожны дзень сутыкаецца з сотням тысячаў атак хакераў, і колькасьць іх моцна ўзрасла ў 2010 годзе. Па яго словах, найбольшая колькасьць кібэрпагрозаў зафіксаваная з сайтаў, якія знаходзяцца ў Кітаі, Расеі і Паўночнай Карэі.


Эмблема новага кібэр-падразьдзяленьня

Новая структура аб’яднае ўжо існыя спэцыяльныя падразьдзяленьні войскаў, флёту, ВПС. Раней, як паведамляюць СМІ, службы кампутарнай бясьпекі розных войскаў ЗША нават канфліктавалі паміж сабой, бо не маглі падзяліць працу і абавязкі. Так, кібэр-абаронцы з Пэнтагону нядаўна зачынілі сайт, адмыслова прыдуманы ЦРУ сумесна з Саудаўскай Аравіяй, каб прыманьваць патэнцыйных тэрарыстаў. Саудаўская каралеўская сям’я была моцна расстроеная.

Цяпер кібэр-служба, якая плянуе далучыць да працы сотні дактароў навук (PhD), мусіць вырашыць, якім чынам вылічваць, хто наносіць атаку: дзяржава ці асобны хакер. Але, як абяцае Александэр, амэрыканскія салдаты ня будуць вылятаць у трэцюю краіну для фізычнага зьнішчэньня крыніцы пагрозы. Дарэчы, як адзначае Guardian, генэрал Александэр вылучаецца тэхнічнай прасунутасьцю аб чым, на думку журналістаў, сьведчыць яго новенькі iPad ад Apple.

Кібер-падразьдзяленьне мусіць быць прыведзенае ў стан поўнае боегатоўнасьці да 1 кастрычніка 2010 году.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.057 seconds.