Фэстываль Sziget раскінецца на 15 сцэнах

Арганізатары аднаго з найбуйнейшых фэстываляў сьвету Sziget у Будапэшце ўжо анансавалі большасьць хэдлайнэраў гэтага года, а цяпер прадстаўляюць іншыя, ня менш цікавыя сцэны і пляцоўкі, дзе будуць праходзіць выступы музычных калектываў, тэатральных труп, будуць дэманстравацца фільмы і г.д.

Галоўную сцэну, як паведамлялася раней, узначаляць Muse, Iron Maiden, Faithless, 30 Seconds to Mars, Kasabian, «Ляпис Трубецкой» і інш. На World Music Stage выступяць Orquesta Buena Vista Social Club, Oi-Va-Voi, Tony Allen, на Rock-Metal Stage — Ill Niño, The 69 Eyes, Paradise Lost, Children of Bodom, Monster Magnet, а A38-Wan2 зоймуць Nina Hagen, Bad Religion, Gorillaz Sound System, Charlie Winston, Ez3kiel, Vive la Féte.

Вялізарную колькасьць танцавальнай музыкі можна будзе пачуць на Party Arena: Infected Mushroom, Gotan Project, DJ Shadow, Simian Mobile Disco, Calvin Harris and Breakestra feat. Cali2na, Boys Noize, Erol Alkan, Sander van Doorn, Andy Moor.

Венгерская радыёстанцыя MR2 Petőfi прадставіць на фэстывалі сваю сцэну. MR2 за тры гады свайго існаваньня стварыла цэлы пласт новай папулярнай музыкі Вугоршчыны і праводзіць шэраг фэстываляў на працягу ўсяго года ў розных гарадах краіны. На MR2 Stage выступяць ўжо даволі вядомыя вугорскія музыкі Quimby, Bori Péterfy, Kiscsillag, Pannonia All-Stars Ska Orchestra, 30Y, Irie Maffia, Barabás Lőrinc Eklektric, Heaven Street Seven ды інш.

Пазнаёміцца з традыцыйнай вугорскай культурай можна на Hungaricum Village. Вугорская вёска разгорнецца другі год запар насупраць галоўнай сцэны фэстывалю. Там можна будзе паглядзець на традыцыйныя рамёствы, паслухаць фальклёрную музыку, пакаштаваць арыгінальных вугорскіх страў. А самымі яркімі падзеямі стануць штодзённыя парады танцавальных калектываў.

З 2002 года на фэстывалі існуе і асобная пляцоўка, дзе дэманструецца творчасьць народаў, чыя гісторыя так ці інакш зьвязана з Вэнгрыяй. На The Roma Tent вы ўбачыце выступы цыганскіх, гуцульскіх, габрэйскіх музыкаў: сумесь закарпацкага і румынскага фальклёру ад гурта «Гудаки», клясычны клезмэр ад Klezmofobia, французская шансон ад Rona Hartner і Nadara, балканскія матывы прадставяць Živeli Orkestar, Suzana Djordjevic, цыганскую музыку — Čaci Vorba, Prisor Jazz Band і інш.


Людзі на Sziget 2007. Ph­oto by András Éberling­.

Meduza — сцэна андэграўнднай электроннай музыкі, на якой прадставяць свае сэты найбольш папулярныя сусьветныя і вугорскія музыкі ў стылях dubstep, drumandbass, house, breakbeat: The Smokeeaters, Aeroplane, British act 3D Disco, Rewind, Baskerville і інш.

Аматары джазу і блюзу, як заўсёды, змогуць наведаць Budapest Jazz Club — Amphitheatrum Stage і Blues Pub, а адпачыць ад вар’яцкага рытму фэстывалю можна будзе ў Ambient Tent-garden.

Арганізатары фэсту не забываюць пра сацыяльныя і экалягічныя праблемы. У гэтым годзе Sziget хоча прыцягнуць увагу да праблем спажываньня вады на плянэце. Для гэтага будзе створаная асобная пляцоўка H2O, дзе ў форме гульняў і крэатыўных інсталяцый можна будзе даведацца шляхі вырашэньня гэтай глябальнай праблемы.

Ability Park — інтэрактыўны парк прыгодаў, асноўная ідэя якога заключаецца ў тым, каб пазнаёміць вас з жыцьцём людзей з абмежаванымі магчымасьцямі і паспрыяць іх сацыяльнай інтэграцыі. Трэба адзначыць, што фэстываль штогод надае вялікую ўвагу зручнасьці інвалідаў. Для іх створаны асобныя душы, прыбіральні, рукамыйнікі, а таксама плятформы ля сцэн для зручнага прагляду канцэртаў.

Праграма забаваў на Sziget у гэтым годзе таксама будзе маштабнай і цікавай усім. Акрамя шматлікіх вясёлых і экстрэмальных атракцыёнаў, можна будзе пазнаёміцца з гісторый і культурай Вэнгрыі. Цэлы шэраг музэйных экспазыцый разгорнецца на Museum Quarter. У гэтым годзе свае выставы прадставяць Музэй прамысловага мастацтва, Дом венгерскай фатаграфіі, Тэхналягічны і аўтамабільны музэй, Вугорская нацыянальная галерэя і нацыянальны музэй, музэі этнаграфіі, літаратуры і шматлікія іншыя.

На Magic Mirror штодня будуць праводзіцца сустрэчы з грамадзкімі дзеячамі, а таксама дэманстравацца лепшыя фільмы «Берлінале» апошніх гадоў. Пагуляць у відэа-гульні можна будзе на Digital Fun Fair, а паглядзець фільмы пад музычны акампанэмэнт на Medence Filmclub. Фэстываль выяўленчага мастацтва і літаратуры пройдзе на Octopus All Arts Venue, тэатральныя выступы на Theatre and Dance Stage. Таксама любы ахвочы зможа пазмагацца ў вырашэньні лягічных галаваломак і стаць чэмпіёнам Sziget у шахматах або даміно на Tent of Logical Games.

Нагадаем, што асноўная праграма Sziget працягнецца з 11 па 16 жніўня на востраве Обуда ў Будапэшце. Аўтобусны тур на фэстываль зь Менску арганізуецца пры падтрымцы інфармацыйнага партнэра фэстывалю ў Беларусі сайта Ultra-Music. Таксама навіны пра фэст дасяжныя па адмысловым цэтліку на сайце Generation.bY.

паводле прэс-рэлізу

14:00, 02/06/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0047 seconds.