На Sziget 2011 выступяць Helloween і Flogging Molly

Працягваецца падрыхтоўка да штогадовага фэстывалю Sziget, які пройдзе з 10 па 15 жніўня ў венгерскай сталіцы Будапэшце.

Сьпіс удзельнікаў фестывалю працягвае папаўняцца. Як ужо паведамлялася раней, сярод хэдлайнераў фестывалю значацца Chemicals Brothers, Skunk Anansie, Judas Priest, Interpol, Oi Va Voi, Kasabian, Deftones, Within Temptation, Manic Street Preachers, White Lies, Lostprophets, Maccabees, La Roux і многія іншыя. Надоечы гэты сьпіс папоўніўся новымі імёнамі.

На Галоўнай рок-метал сцэне (Rock-Metal Main Stage) фэстывалю выступіць легендарны нямецкі гурт Helloween. Паўэр-мэталісты прадставяць праграму, якая складаецца як зь лепшых песень з амаль 30-гадовай гісторыі калектыву, так і з песень леташняга альбома «7 Sinners». Яшчэ адным імем папоўнілася новая пляцоўка фэстывалю — Эўрапейская сцэна. Нямецкія панк-рокеры Turbostaat пакажуць сваю апошнюю працу — альбом «Das Island Manöver». Галоўную поп-рок сцэну (Pop-Rock Main Stage) у адзін дзень з Amy Winehouse і Smash Mouth падзеліць харвацкі гурт Overflow. На гэтай жа сцэне ў першы дзень фэстывалю выступіць знакаміты амэрыканскі фольк-рок-гурт Flogging Molly. Сцэну A38-WAN2 папоўнілі інды-рокеры Baskerville і шатляндзкі электроншчык Hudson Mohawke, а Party Arena — бэльгійскі праект Goose і дацкі DJ Trentemöller.

Але гэта толькі малая частка ўсіх удзельнікаў аднаго з найбуйнейшых фэстываляў сьвету. Толькі асноўных музычных пляцовак на высьпе Обуда каля дзесятка. Зараз арганізатары фэстывалю пачалі распавядаць пра малыя фэстывальныя пляцоўкі. Так у гэтым годзе зьявіцца Кірмаш Цэнтральнай і Усходняй Эўропы (Central Eastern European Funfair), дзе будуць праходзіць тэатральныя паказы. Яшчэ адзін новы пункт на карце астраўнога жыцьця — Paradise & Slow-Dance Tent — дзе ўсё закаханыя змогуць атрымаць асалоду ад павольных танцаў пад рамантычныя песьні.

Поўны лайн-ап арганізатары фэсту абяцаюць агучыць у пачатку чэрвеня. Але на неафіцыйным сайце фэстывалю праграма ўжо практычна складзена. Галоўным выступам першага дня абяцае стаць канцэрт гурта Pulp, які вяртаецца на сцэну пасьля шматгадовага перапынку, а зачыняць фэстываль давядзецца Gogol Bordello і The National.

Арганізатары Sziget пакінулі леташнія кошты на квіткі. Фэстывальны тыдзень на высьпе пасярод Дуная абыдзецца ў 170 або 200 эўра (уключаючы кемпінг). Аднадзённыя квіткі будуць каштаваць 45 эўра. Як і ў папярэднія гады беларускія аматары музыкі і добрага адпачынку змогуць скарыстацца аўтобусным турам на фэстываль. Атрымаць падрабязную інфармацыю пра паездку на фэстываль і замовіць тур можна на сайце інфармацыйнага партнэра фэстывалю ў Беларусі Ultra-Music. Пра тое ж, як дабрацца на адзін з самых буйных эўрапейскіх фэстаў на сваіх чатырох колах, чытайце ў дзёньніку Generation.by з аўтавандроўкі на Sziget год таму.

13:40, 11/05/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0591 seconds.