Названыя новыя імёны удзельнікаў Sziget 2012
З 6 па 13 жніўня ў Будапэшце (Вугоршчына) пройдзе юбілейны, дваццаты, музычны фэстываль Sziget. Яшчэ ў канцы мінулага года арганізатары абвясьцілі імя першага хэдлайнэра. Ім стала легенда «манчэстэрскай хвалі», гурт The Stone Roses, які ў кастрычніку 2011 абвясьціў пра сваё ўзьяднаньне пасьля пятнаццацігадовага перапынку.
На дадзены момант сярод хэдлайнэраў фэстывалю значацца таксама іконы ню-мэтала, гурт Korn, які прадставіць на «Востраве» свой самы апошні альбом «The Path of Totality»; адзін з самых цікавых інды-гуртоў The Vaccines, які па выніках мінулага года атрымаў прэстыжную ўзнагароду NME Awards у намінацыі «Лепшы пачатковец»; легендарныя лідэры стылю дабстэп Magnetic Man; самы часта праслухоўваемы на большасьці вечарынак плянэты амэрыканскі электра-хоп дуэт LMFAO; высока шанаваны ў Брытаніі лёнданскі гурт The xx; легендарныя мэксыканцы Molotov і Ting Tings, якія выпусьцілі ў пачатку сакавіка новы альбом.
Пасля леташняга фэерычнага выступу на «сігетаўскай» сцэне A38 брытанцы Hurts перамесьцяцца на галоўную сцэну фэсту, дзе прадставяць новыя песьні з будучага альбома.
Таксама на юбілейным Sziget выступяць ўжо раней анансаваная гурты Placebo, The Subways, The Horrors, Two Door Cinema Club, Friendly Fires, Anna Calvi, Noah and the Whale, Crystal Fighters, Steve Aoki, Axwell, Beatsteaks, dEUS, Ministry, Bebel Gilberto, Caro Emerald, Katzenjammert, The Pogues, Che Sudaka, Goran Bregovic & Wedding and Funeral Band, Emir Kusturica & The No Smoking Orchestra, Shantel & Bucovina Club Orkestar, Fanfare Ciocarlia, Leningrad і многія іншыя.
Па традыцыі арганізатары Sziget, прызнанага ў мінулым годзе лепшым фэстывалем Эўропы, абяцаюць да канца траўня яшчэ ня раз зьдзівіць гасьцей гучнымі імёнамі ўдзельнікаў.
- Калі: 6-13.08.2012
- Дзе: востраў сярод Дунаю ў Будапэшце
- Кошт: на ўсе дні 165 і 195 (з кэмпінгам) эўра, на адзін дзень – 40 эўра. З 1 траўня кошты павялічацца.
- Сайт фэсту: sziget.hu