Дзяўчаты актыўнічаюць у беларускім ЖЖ

Большасьць наведвальнікаў блогавай плятформы LiveJournal — гэта маладыя, адукаваныя менчукі з высокім узроўнем даходу, а памер аўдыторыі ЖЖ перавышае аўдыторыю некаторых беларускіх тэлеканалаў, кажуць вынікі інтэрнэт-дасьледаваньня. Цікава, што дзёньнікі на LiveJournal піша і чытае амаль кожны 11-ы беларускі інтэрнэт-юзэр.


Расейскі бізнэсмэн Аляксандр Мамут, адзін з заснавальнікаў кампаніі СУП, што ў 2007 годзе набыла LiveJournal. Фота Независимая газета

Удзень у сярэднім LiveJournal наведваюць каля 30 тысячаў чалавек, а ў тыдзень — 100 тысячаў. У месяц набіраецца цэлых 270 000 карыстальнікаў ці каля 8.73% усіх беларускіх юзэраў Сеціва. Вынікі дасьледаваньня, праведзенага праектам Gemius Belarus — агенцтвам online дасьледаваньняў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, цытуе БелаПАН.

У цэлым беларуская аўдыторыя Livejournal.com параўнальная з ахопам асобных тэлеканалаў і радыёстанцый, падкрэсьлівае прадстаўнік праекта Gemius Belarus Міхаіл Дарашэвіч.

Найбольш папулярны ЖЖ у прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва: хаця мужчыны і пераважваюць па колькасьці юзэраў, але жанчыны больш актыўныя. Яны робяць больш праглядаў (53,74%) і праводзяць больш часу он-лайн (53,90%). Жанчыны таксама дамінуюць і ў цэлым па ўсім сьвеце: 62.2% юзэраў ЖЖ — жаночага полу.

Атрымліваецца, што сярэдні беларускі ЖЖ-наведвальнік —  гэта малады (18–24 гадоў) дыплямаваны (вышэйшую адукацыю маюць больш за паловы) менчук (45,27%) з даходам ад 1 да 1.5 мільёна рублёў. Больш за ўсё сярод наведвальнікаў студэнтаў, спэцыялістаў, а таксама мэнэджэраў сярэдняга зьвяна.

Цяпер на гэтай плятформе налічваецца больш за 60 тысячаў блогаў, аўтары якіх пазначаюць сваё месцазнаходжаньне як Беларусь. Наша краіна займае 13 месца па колькасьці карыстальнікаў Livejournal, Расея - другое, Украіна - пятая.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0729 seconds.