Apple — самая дарагая тэхналягічная кампанія сьвету

Амэрыканскі кампутарны гігант Apple абышоў свайго галоўнага канкурэнта, кампанію Microsoft, па капіталізацыі і стаў самай дарагой тэхналягічнай кампаніяй сьвету. Капіталізацыя кампаніі Стыва Джобса дасягнула $230 мільярдаў.


Так зьмяняўся кошт акцый Apple (сіні - $253.35 за акцыю) і Microsoft (чырвоны - $26.00) у Нью-Ёркскай фондавай біржы

На момант напісаньня артыкулу кошт Apple на фондавай біржы ў Нью-Ёрку дасягнуў 230 053 000 000 даляраў, пры гэтым Microsoft інвэстары ацанілі ў 227 086 000 000 даляраў. Капіталізацыя той ці іншай кампаніі падлічваецца пры дапамозе множаньня рынкавага кошту адной акцыі на іх агульную колькасьць. Напрыклад, капіталізацыя буйнейшага пошукавіка Google складае «толькі» 156.20 мільярдаў даляраў.

Калі б 5 гадоў таму вы ўклалі $2 000 у акцыі Apple, то прыбытак за гэты час склаў прыкладна $10 000

У 90-х гадах Apple ледзь не абанкруцілася, хоць у пачатку глябальнай кампутарнай эры, у 80-х кампанія Стыва Джобса канкуравала з Microsoft Біла Гейца на роўных. Апошні раз капіталізацыя Apple перавышала адпаведны паказчык Microsoft у канцы 1989 года.

Пазыцыі Apple рэзка ўзмацніліся пасьля зьяўленьня на рынку ў 2001 годзе MP3-плэера iPod, які стаў неверагодна распаўсюджаным і модным аксэсуарам, адзначае BBC. Папулярнасьць гэтых прыладаў падагрэла інтарэс да кампутараў Apple.

Вялікім посьпехам таксама стаў тэлефон iPhone, дзякуючы якому многія атрымалі доступ да мабільнага інтэрнэту і сталі карыстацца спэцыяльнымі праграмамі, якая выконваюць самыя разнастайныя задачы — ад арыентаваньня па мапах да браніраваньня рэстаранаў.

На гэтым тыдні Apple пачынае прадаваць у Эўропе свой новы гіт — пляншэтны кампутар iPad, продажы якога перавысілі чаканьні кіраўніцтва кампаніі, з-за чаго эўрапейская прэм’ера была адкладзеная. У той жа час, агульны аб’ём продажаў Microsoft па-ранейшаму перавышае адпаведныя паказчыкі Apple.

Галоўным козырам Microsoft застаецца папулярнасьць яе апэрацыйнай сыстэмы Windows, якая ўсталяваная на 90% усіх кампутараў сьвету.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0611 seconds.