Выйшла першая клавіятура з падтрымкай беларускай мовы для iOS

Свята ў беларускамоўных уладальнікаў iPhone ды iPad.  

Кампанія Apple афіцыйна дагэтуль не падтрымлівае беларускую мову ў iOS, і  беларускамоўныя ўладальнікі яе модных дэвайсаў доўгі час былі пазбаўленыя магчымасці без хітрыкаў пісаць у мабільных дадатках. Хто-ніхто нават называў гэта галоўнай праблемай беларускамоўных. Але сёння праблема вырашылася.

Не гледзячы на збор подпісаў пад адмысловай петыцыяй і мноства зваротаў ад карыстальнікаў, падтрымка беларускай мовы, на жаль, не з'явілася і ў новай восьмай версіі аперацыйнай сістэмы, але кампанія Apple дазволіла іншым распрацоўнікам ствараць клавіятуры для iOS. Гэтай магчымасцю адразу ж скарысталіся вытворцы папулярных альтэрнатыўных віртуальных клавіятур для Android, якія яшчэ ўвесну пачалі падрыхтоўку версій сваіх аплетаў для iOS. У першых дадатковых клавіятурах, якія былі даступныя ў дзень, калі iOS8 атрымала публічны рэліз, мультымоўнасць амаль адсутнічала. Але сітуацыя змяняецца.

Кампанія KeyPoint Technologies апублікавала 23 верасня ў AppStore сваю папулярную клавіятуру Adaptxt, якая падтрымлівае болей за 90 моваў свету, у тым ліку беларускую. На гэты момант аплет распаўсюджваецца бясплатна.

Асаблівасцю Adaptxt з'яўляецца не толькі мультымоўнасць, клавіятура адсочвае дадаткі, у якіх піша карыстальнік, і прагназуе словы, каб такім чынам паскорыць напісанне. Таксама Adaptxt дае магчымасць змяняць тэму ўласнага афармлення, выкарыстоўвае каля 50 спецыялізаваных слоўнікаў і дазваляе іншую кастамізацыю.

Як дадаць клавіятуру беларускай мовы у iPhone або iPad

  • Спачатку неабходна абнавіць версію аперацыйнай сістэмы да iOS8, якая патрабуе як мінімум iPhone 4s, iPad 2 або iPad mini.
  • Інсталяваць з Appstore клавіятуру Adaptxt.
  • Знайсці ў наладках аплета Adaptxt пункт Add-on manager і спампаваць клавітуру «Беларуская»
  • Зайсці ў наладкі клавіятураў iOS: Setting>General>Keyboard>Keyboards>Add New keyboard і дадаць клавіятуру Adaptxt
  • Дазволіць клавіятуры неабходны ёй доступ: Setting>General>Keyboard>Keyboards>Keyboard -Adaptxt: Allow Full Access.

Ягор Качын 21:29, 24.09.2014 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0587 seconds.