Польшча хоча запрасіць да сябе выкладаць беларускіх юрыстаў і палітолягаў

Адзін з унівэрсытэтаў польскай Гдыні хоча запрасіць беларускіх выкладчыкаў, юрыстаў і палітолягаў для чытаньня цыклу лекцый аб Усходняй Эўропе. Пра гэта паведаміў беларускі консул у Гданьску.


Консул Руслан Есін на адкрыцьці помніка Я. Купалы ў Гданьску. Фота colorana.livejournal.com

Рэктар Вышэйшай школы міжнародных эканамічных і палітычных зносінаў у Гдыні прафэсар Войцэх Лямянтовіч выказаў зацікаўленасьць у запрашэньні беларускіх выкладчыкаў, юрыстаў і палітолягаў для чытаньня цыклу лекцый на тэму палітычных і грамадзкіх працэсаў ва Ўсходняй Эўропе. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы зь генэральным консулам Беларусі ў Гданьску Русланам Есіным, перадае БелТА.

Таксама прафэсар Лямянтовіч шукае супрацоўніцтва зь беларускімі ВНУ ў межах праграмы Ўсходняга партнэрства. Паводле слоў кіраўніка польскага ўнівэрсытэту, Школа хацела б усталявіць партнэрскія сувязі з аналягічнай беларускай ВНУ. Пры гэтым на такое супрацоўніцтва можна прыцягнуць грошы эўрафондаў, лічыць прафэсар.

Перш за ўсё ВНУ цікавяць праекты, зьвязаныя з эўраінтэграцыяй. Беларускае консульства паабяцала аказаць дапамогу ў пошуку беларускіх партнэраў. Дыплямат Руслан Есін рэгулярна чытае лекцыі польскім студэнтам у Гдыні.

Але пакуль у межах Усходняга партнэрства існуе ня так шмат адукацыйных магчымасьцяў для супрацоўніцтва паміж беларускімі ўнівэрсытэтамі і ўстановамі ЭЗ. Адзінай новай магчымасьцю ў межах «Усходняга партнэрства» стане праграма электроннага пабрацімства (eTwinning) для вучняў сярэдніх школ. Пашырэньне дзеяньня астатніх праграм з агульнага парасону «Адукацыі цягам жыцьця» на краіны УП пакуль не прадугледжана, бо на гэта спатрэбілася б вылучэньне дадатковага фінансаваньня. Так што Беларусі і яе партнэрам давядзецца пачакаць прынамсі да 2013 года.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0705 seconds.