На Be2gether-2010 выступяць 50 артыстаў, 4 зь іх — беларускія

Арганізатары фэстывалю Be2gether, які адбудзецца 25–27 чэрвеня каля літоўскага замка Нарвілішкес, абвесьцілі поўны сьпіс удзельнікаў мерапрыемства.

Ляпіс Трубяцкой 
на Be2gether 2009

Be2gether 2009

На фэстывальных сцэнах цягам трох дзён выступяць каля 50 артыстаў з розных краін сьвету, чацьвёра зь іх — беларускія. Два былі абвешчаныя раней — Лявон Вольскі з новым альбомам «Белая яблыня грому» і малады гурт Open Space. Акрамя іх арганізатары вырашылі запрасіць яшчэ два калектывы — CherryVata і Akute.

Гурт CherryVata зьяўляецца адным зь лідэраў беларускай клюбнай сцэны. Іх музыка — гарманічнае спалучэньне электронікі з жывымі інструмэнтамі і вакалам, шматслойны кактэйль з адчуваньняў і эмоцый, гукаў і настрояў, упрыгожаны элемэнтамі nu jazz, reggae, dub, breakbeat, funk & rock. На рахунку калектыву два студыйных альбомы і выступы на буйных фэстывалях Беларусі, Расіі і Украіны.

Гурт Akute — новы праект экс-удзельнікаў магілёўскага гурта «Глюкі». Музыкі вызначаюць свой стыль, як «дыска-дэкаданс», а іх музыка цалкам адпавядае сучаснаму кантэксту інды-музыкі, створанаму такімі гуртамі, як как Arctic Monkeys, The Killers і The Strokes. Дэбютны сынгл «Адзіноцтва» ўжо некалькі месяцаў знаходзіцца сярод лідэраў гіт-параду «Тузін гітоў».

На фэстывалі таксама выступяць лепшыя прадстаўнікі сучаснай літоўскай музыкі. Гледачы будуць мець магчымасьць пабачыць і пачуць сьпявачку Аліну Арлову, поп-рок-гурт Biplan, рокераў I.R., электроншчыкаў HappyEndless, поп-экспэрымэнтатараў Skamp, модэрн-джаз-праект BrassBastardz, музычна-акрабатычнае шоў Instrumenti і шматлікіх іншых удзельнікаў.

У сваю чаргу шэрагі хэдлайнэраў днямі папоўніліся сусьветнавядомым бітбоксэрам Killa Kela (Вялікабрытанія). Акрамя яго музычную праграму фэстывалю «Be2gether» у гэтым годзе ўзначаляць Skunk Anansie (Вялікабрытанія), Empire Of The Sun (Аўстралія), Roots Manuva (Вялікабрытанія), WhoMadeWho (Данія), Гайдамаки (Украіна), Casiokids (Нарвэгія), Bauchklang (Аўстрыя), «Рубль» (Расія), Crystal Fighters (Гішпанія).

Агулам на фэстывалі будзе дзьве галоўныя сцэны, сцэна для маладых гуртоў і танцавальная палатка. Гледачоў таксама чакае шмат забаваў: горад з гліны, касьмічны валейбол, вясельлі, тэатар і выяўленчае мастацтва.

Квіткі: групавыя (ад 4 асобнікаў) — 185 тыс. руб., для студэнтаў — 200 тыс. руб. (па пасьведчаньні), для астатніх — 250 тыс. руб. У продажы ў грамадзкіх распаўсюднікаў, а таксама праз сыстэму TicketPro. Замова квіткоў і даведка па тэлефонах (029) 6 5555 96, (033) 6 5555 96.

Бясплатныя візы выдаюцца толькі па набытых у Беларусі квітках. Для падачы дакументаў у амбасаду кажны квіток трэба зарэгістраваць на сайце b2g.lt. Падрабязная інфармацыя пра візы на сайце http://b2g.soundline.by.

00:30, 27/05/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0619 seconds.