Пакаленьне Y знайшло ў сацыяльных сетках самоту

Праблема адзіноты больш актуальная для моладзі, чым для людзей сталага ўзросту, сьцьвярджаюць навукоўцы. Па іх словах, 60% маладых брытанцаў часьцяком адчуваюць сябе самотнымі.

Паводле дасьледаваньня, праведзенага брытанскім дабрачынным фондам Mental Health Foundation, каля 60% апытаных брытанцаў ва ўзросьце ад 18 да 34 гадоў адчуваюць сябе самотнымі «часам» ці «часта». Аб гэтым піша BBC.

У той жа час у гэтым прызналіся толькі 35 адсоткаў рэспандэнтаў ва ўзросьце за 55. Зрэшты, розныя пакаленьні могуць па-рознаму інтэрпрэтаваць адзіноту, укладаючы ў гэта паняцьце выключна свой, суб’ектыўны сэнс.

Навукоўцы зьвязваюць падвышаны ўзровень адзіноты з распаўсюдам сучасных тэхналёгіяў і Сеціва, якія спарадзілі новыя спосабы зносінаў і скасавалі старыя, такія як традыцыйная пошта. Цяпер ня трэба пакідаць дом, каб паразмаўляць з суседам альбо знаёмым. Дастаткова проста зазірнуць у сацыяльную сетку, Facebook напрыклад.

Вось і атрымліваецца, што ў эпоху віртуальных кантактаў адзінокіх людзей становіцца ўсё болей: па дадзеных дасьледаваньня Mental Health Foundation, у пэрыяд з 1972 па 2008 год іх колькасьць падвоілася. Болей у гэтай статыстыцы стала перш за ўсё жанчын, чый псыхічны стан блізкі да дэпрэсіі.

Новыя тэхналёгіі, як і манэта: мае і той бок, і гэты — кажуць аўтары дасьледаваньня. З аднаго боку, яны спрашчаюць зносіны, зь іншага — заганяюць людзей у кампутарную прастору. Віртуальнае сяброўства падмяняе рэальнае, але гэта — сурагат. Каля траціны апытаных маладых брытанцаў заявілі, што яны лепей паразмаўляюць зь сябрам онлайн, чым пойдуць да яго ў госьці.

Між тым, як высьветлілі мэдыкі, падчас рэальных сустрэчаў у суразмоўцаў выпрацоўваецца гармон аксытацын, неабходны для нармальнай працы сэрца.

«Маладыя людзі, зь якімі мы працавалі, прызнаваліся, што тусоўкі ў сацыяльных сетках не замяняюць жывых зносінаў. І што яны адчуваюць пякучую адзіноту, — распавядае Сара Брэнан з дабрачыннай арганізацыі Yangminds. — Адзінота — велізарная праблема, якой мы павінны займацца. У апошнія гады наша грамадзтва пачало як бы распыляцца, распадацца на асобныя фрагмэнты».

Прырода сям’і перажывае зьмены. Шматдзетных, патрыярхальных сем’яў у Брытаніі сёньня ня так шмат, як раней.

Дзеці імкнуцца як мага раней пакінуць родны дом, жыць ад бацькоў на такой адлегласьці, якая не дазваляе надта часта наведваць іх.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.4114 seconds.