Recha вуліцы

Recha

Гурт Recha выйшаў на вуліцы Менску і зладзіў паўнавартасны канцэрт на плошчы з калёнкамі, гітарамі і балалайкамі. На зьдзіўленьне, міліцыя не праявіла амаль ніякага інтарэсу да падзеі, і музыкі здолелі адыграць усе заплянаваныя песьні, сабраўшы некалькі соцень вулічных слухачоў усіх узростаў.

Менск і вулічная музыка — зьявы цяжка сумяшчальныя. Гурт Recha з усёй афраамэрыканскай прастасьцю свайго вакаліста Андруся Такінданга вырашыў не заганяцца на законы аб масавых мерапрыемствах і наўпрост паразьвесіў па сацыяльных сетках абвесткі з прапановай зайсьці на музычную тусоўку ў нядзельны вечар да менскай Ратушы.

У выніку ў адпаведную групу «vkontakte» уступілі каля 150 чалавек, а прыйшлі больш за 200. Канцэрт адбываўся ў самым цэнтры Менску: 20 мэтраў ад ратушы ля знакамітай шкляной «піраміды», 100 мэтраў ад палацу рэспублікі.

Паколькі месца правядзеньня канцэрту ляжыць на культавым шляху ад Макдональдса да Нямігі, да паўсталага вакол музыкаў паўколу рэгулярна прыцягваліся і адцягваліся выпадковыя мінакі. Шкада было толькі самотных 40-гадовых азіятаў, стану нядзельнай няголенасьці, якія выходзілі з гатэлю «Эўропа» і накіроўваліся кудысьці ў бок Сьвіслачы. Яны пустым позіркам праводзілі рэхаўскую публіку і працягвалі шлях.


Самы цэнтар Менску на гадзіну ператварыўся ў пляцоўку Recha

Асабліва грэла душу атмасфэра нязмушанасьці і разьняволенасьці, якую цяжка злавіць на менскіх вуліцах, няхай і цэнтральных. У пэўны момант стала здавацца, што ў Менску зноў можна піць піва, а вось так таньчыць і зьбірацца ў коле вакол вулічных музыкаў было звычайнай рэччу яшчэ ў часы запуску першага спадарожніка.

Міліцыя, здавалася, зусім не зважала на падзею. Самотны ахоўнік правапарадку недзе праз хвілін 40 пасьля пачатку канцэрту абышоў натоўп па пэрымэтру, уважліва ўглядаючыся ў твары, і, патэлефанаваўшы кудысьці, схаваўся за будынкам ратушы.

Салісту праекту Андрусю Такіндангу вельмі лёгка прыцягваць увагу да сваёй асобы. Некалькі гадоў таму музыкі Recha «ўзялі творчы адпачынак». Тады ж Такінданг, малады мастак і тэлевядучы, заняўся гуртом «Гаротніца».

Цяпер ужо ў іншым складзе, Recha вяртаецца з сольным канцэртам. Дарэчы, у гэтай імпрэзе плянуюць узяць удзел яшчэ болей юзэраў VK: піяр-акцыя аказалася пасьпяховай.

Глядзіце больш фотаздымкаў з вулічнага канцэрту Recha

Фота Julia Fox

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0575 seconds.