ЭЗ цісьне на Кітай праз WTO з-за сеціўнай цэнзуры
Прадстаўнік Эўразьвязу заявіў, што пытаньнем інтэрнэт-цэнзуры ў Кітаі мусіць заняцца Сусьветная гандлёвая арганізацыя. На думку Эўракамісіі, блякіраваньне нежаданых сайтаў кітайскім урадам перашкаджае вольнаму гандлю.
Сябрамі Сусьветнай гандлёвай арганізацыі (WTO) ёсьць 153 краіны. Ілюстрацыя з wikipedia.org
Інтэрнэт-цэнзура ў Кітаі стварае гандлёвыя бар’еры, заявіла віцэ-прызыдэнт Эўракамісіі Нэльлі Крус у ходзе свайго візыту ў Кітай, перадае AFP. Па яе словах, з-за блякаваньня ўрадам некаторых сайтаў ствараецца «бар’ер у камунікацыях», што ў сваю чаргу перашкаджае гандлю.
«Гэта адна з тых тэмаў, якая мусіць быць абмеркаваная ў WTO», — заявіла камісар Крус у Шанхаі.
Сусьветная гандлёвая арганізацыя (WTO) створаная ў 1995 годзе для лібэралізацыі і ўрэгуляваньня пытаньняў у міжнародным гандлі.
У Кітаі даўно існуе дзяржаўная сыстэма блякаваньня сайтаў, ад палітычных да парнаграфічных. Экспэрты кажуць, што Кітай пачынае ўсё часьцей выкарыстоўваць інструмэнт цэнзуры для пазбаўленьня ад замежных канкурэнтаў мясцовых вытворцаў.
Адмова Google ад цэнзураваньня кантэнту ў Кітаі стала адным з галоўных скандалаў у тэлекамунікацыйнай сфэры пачатку 2010 году
Нядаўна ў знак пратэсту супраць практыкі сеціўнай цэнзуры карпарацыя Google часткова згарнула сваю дзейнасьць у гэтай краіне. Усьлед за Google з кітайскага рынку сышлі некаторыя кампаніі. Кітайскі ўрад назваў рашэньне Google памылковым.
Тры гады таму буйнейшы пашукавік ужо прасіў разглядаць цэнзуру ў Сеціве як міжнародны гандлёвы бар’ер, такі ж самы, як, прыкладам, тарыфы. Тады падтрымаць Google у змаганьні з цэнзурай абяцала гандлёвае прадстаўніцтва ЗША.