Адноўлены Gods Tower запісаў відэа-зварот да прыхільнікаў

Удзельнікі нядаўна адноўленага легендарнага гомельскага Gods Tower распачалі актыўны сэзон рэпэтыцыяў перад чаканымі канцэртамі.

«Гэта менавіта той Gods Tower, вядомы ўсім у свае залатыя часы. Вядома, уваскрасіць Аляксандра Ўракава нікому не пад сілу, нават калі ўвесь сьвет гэтага захоча. Мэта — сыграць як Уракаў тое, што ім напісана, і запісаць тое, што не запісана ім!» — адзначаюць музыкі. Навіны гурта — у адмысловым відэа-роліку з рэпэтыцыі.

Навіна пра вяртаньне культавых гомельскіх мэталістаў імгненна абляцела Сеціва. А самі музыкі ў прамежках між рэпэтыцыямі стварылі на youtube адмысловы відэа-канал з навінамі гурта. У шэрагі гурта вярнуліся ўсе музыкі, а новым удзельнікам стаў Дзьмітрый Лазарэнка — вучань, сябар і пасьлядоўнік Уракава.


Адноўлены Gods Tower | 2010. Фота з сайту гурта godstower.com

Ужо гэтым летам Gods Tower плянуе вярнуцца на сцэну з шэрагам канцэртаў. Ужо зараз гатовы паўтарагадзінны канцэртны матэрыял і гурт рыхтуецца да запісу альбома дзесяцігадовай вытрымкі «Steel says last». Gods Tower зноў рэпэтуе і рыхтуецца да поўнамаштабных акцыяў!

«Мы выдатна ўсьведамляем, што пасьля дзесяці год нашае рашэньне многім падасца некарэктным і г.д., але паверце нам на слова — па-першае, нам глыбока па барабану ўсе пагалоўна ідэйнікі зь пенай ля вуснай, і па-другое, мы ведаем што робім. Сабакі гаўкаюць, караван ідзе!» — адзначае нязьменны вакаліст Gods Tower Lesley Knife.

tarka 20:00, 22/05/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0755 seconds.