Вандроўнік Антон Кротаў: «Ёсьць буржуйскі турызм, ёсьць брэзэнтавы турызм, а ёсьць вольныя вандроўкі»

Знакаміты расейскі вандроўнік, адэпт аўтаспыну і вольных падарожжаў, Антон Кротаў выступіў зь лекцыяй у Менску, дзе распавёў аб найлепшых месцах, якія можна наведаць гэтым летам, жыцьці сапраўднага вандроўніка 21 стагодзьдзя і патлумачыў, чаму гэтыя вандроўнікі зьнікаюць.

«Я займаюся асьветніцкай працай», — скарагаворкай кажа барадаты 34-гадовы Кротаў. Харызматычны апавядальнік, ён ужо некалькі гадоў езьдзіць па гарадох СНД і распавядае аб сваіх вандроўках, у якіх правёў большую частку «дарослага» жыцьця. Пачыналіся падарожжы два дзесяцігодзьдзі таму, калі Антону было толькі 14, і ён спрабаваў перасякаць прасторы сваёй вялікай радзімы на электрацыях.

«У мінулым годзе толькі 101 дзень я правёў у Маскве. Астатні час — у вандроўках. А за ўсё жыцьцё наведаў 40 краінаў. Лічу, гэта няшмат».

Галоўны мэтад вандраваньняў Кротава — аўтаспын ці «вольныя падарожжы», то бок вандроўкі без тураў і квіткоў зь невялікай колькасьцю грошай і вялікім заплечнікам. У тым ліку дзякуючы гэтаму чалавеку аўтастоп стаў нагадваць навуковую дысцыпліну: Кротаў вылучае чатыры віды, ці роды, аўтастопу. А для больш дасканалага яго вывучэньня заснаваў цэлую Акадэмію вольных падарожжаў — клюб такіх жа як і ён заўзятых аўтаспыншчыкаў. У гэтым клюбе Кротаў, вядома, сапраўдны акадэмік.

«Вандроўка не залежыць ад таго, колькі ў вас грошай. Грошы і час узаемазамяняльныя. Вельмі часта так у падарожжах бывала, што грошай не заставалася. Але я ніколі не працую на іншых. Адзін раз у жыцьці 15 гадоў таму я працаваў у газэце, і з тых часоў я больш не працую на іншых людзей».

«А адкуль вы бераце грошы?» — гучыць пытаньне зь лекцыйнай залі аднаго зь менскіх унівэрсытэтаў, напоўненай маладымі людзьмі, у якіх толькі пры выглядзе мапы вандровак клюбу Кротава загараюцца вочы.

«Прадаю кніжкі — зараз пабачыце», — залю накрывае хваля рогату.

У Кротава дзесяткі кніжак пра аўтаспын. Галоўная, «Практыка вольных падарожжаў», перакладзеная нават на беларускую. Гэта кніга, па словах Антона, «расповед аб тым, як вандраваць і будаваць зносіны з кіроўцамі, бацькамі, гопнікамі» і іншымі людзьмі, якія сустракаюцца на дарозе.

Апошняе пакаленьне вандроўнікаў

«За ўвесь час [вандровак] не было ніякага моцнага фізычнага пашкоджаньня, — кажа Кротаў. — Усе небясьпекі жывуць толькі ў нашых галовах. Калі вы ня робіце глупстваў, то ўсё будзе добра. Усіх дзікіх жывёлінаў ужо даўно зьелі дзікія людзі», — усьміхаецца Антон.

Паводле вопыту Кротава, сьвет поўны добрых людзей, а калі нехта да вас і праяўляе агрэсію, то часьцей за ўсё менавіта вы ёсьць яе крыніцай. «І ня бярыце у падарожжы дарагіх рэчаў, якія каштуюць больш за дзень вашай працы», — згубіць можна што хочаш і дзе хочаш.

Наведвальніка сайту Акадэміі вольных падарожжаў на першай старонцы сустракае настальгічны артыкул пад назовам «Апошняе пакаленьне вандроўнікаў»:

«Мы належым да апошняга пакаленьня вандроўнікаў. Сьвет імкліва становіцца аднолькавым; асфальт, дэмакратыя і даляры хутка распаўсюджваюцца па ўсёй плянэце. […] Падарожжы зьмяняюцца турызмам, сьвет прыводзіцца да аднаго назоўніка, становіцца больш зручным і менш цікавым… Апошнія магчымасьці сапраўдных падарожжаў імкліва растаюць».

«Усе традыцыі ў сьвеце ўніфікуюцца, — тлумачыць Антон Кротаў. — Плямёны Афрыкі даўно ходзяць у кітайскай вопратцы. Людзей, якія не ўваходзяць у сусьветную фабрыку, засталося вельмі мала. Можа, крыху ў гарах Аўганістана, Новай Гвінэі. Туды і цікава трапіць».

Куды паехаць?

Кротаў ня першы раз дае лекцыю ў Беларусі. Тры гады таму ён зьявіўся на гістфаку БДУ і паказаў там мапу, на якой Эўразія і Афрыка была поўная сініх рысаў — маршрутаў вандровак клюбу Кротава. За апошні час сініх ліній стала болей. І ў плянах клюбу заўжды ёсьць нейкія падарожжы.

«Наступныя будуць Шры-Ланка, Інданэзія, у 2012 годзе еду ў Пэру», — называе Кротаў бліжэйшыя мэты падарожжаў.

«А ў мінулым годзе мы жылі ва Ўладзівастоку ў межах праекту „Дом для ўсіх“. Мы зьнялі кватэру ва Ўладзівастоку, і з часам высьветлілася, што ў адной кватэры можа жыць не 2 чалавекі, а 20. Туды мог прыехаць пажыць і скарыстацца домам як базай для вандровак кожны жадаючы. За 2 месяцы да нас прыехалі 97 чалавек».

Наступны «Дом для ўсіх» будзе зроблены ў горадзе Душанбэ (Таджыкістан) у жніўні. Там «прыгожыя горы, смачная садавіна». Перад тым, як ехаць, варта азнаёміцца з падрабязнасьцямі ў блогу Антона Кротава. «Але дом для ўсіх — гэта не гатэль, там ніхто нікога кругласуткава чакаць ня будзе», — папярэджвае вандроўнік.

Яшчэ адна магчымасьць далучыцца да клюбу вольных вандроўнікаў — прыехаць на «вялікі цьвярозы сход Акадэміі вольных падарожжаў».

«У пачатку ліпеня на беразе адной з рэк недалёка ад Масквы мы ладзім вялікі цьвярозы сход АВП. Там шмат вогнішчаў, кашы і расповедаў, бо туды прыязджае шмат вандроўнікаў, якія бывалі ва ўсіх частках сьвету».

«Цягнуць зь Менску дровы не абавязкова», — жартуе Кротаў.

Яшчэ кватэра Кротава знакамітая тым, што ў выпадку адсутнасьці жытла ў Маскве там можна спыніцца на ноч — «знайсьці ўпіску». «У наступную суботу будзе тусоўка на маёй маскоўскай кватэры, — кажа Кротаў. — Жадаючых магу прыняць пераночыць. У мяне дома 22 тысячы фотаздымкаў з падарожжаў».

«Не адкладайце вандроўку надоўга, бо з часам вашы патрэбы будуць узрастаць. Звычайна чалавек думае так: „вось калі ў мяне будзе 100 баксаў, я паеду ў вандроўку“. Калі ў яго зьяўляецца 100 баксаў, ён думае: „паеду, калі зараблю 1000“. І так да бясконцасьці, калі чалавек не пачынае думаць пра пэнсію і забесьпячэньне старасьці. Таму не адкладайце вандроўку больш чым на год».

«Падчас падарожжаў у любой краіне мы сустракаем шмат добрых людзей, спагадлівых і гасьцінных, якія гатовыя дапамагчы нам. І вяртаючыся з далёкіх падарожжаў, мы па-іншаму бачым ужо звычайных людзей вакол нас і стараемся лепей ставіцца да іх».

Фота Julia Fox

Куды паехаць гэтым летам з Кротавым?

Паехаць аўтаспынам можна ў любую краіну. Такім чынам людзі даўно вандруюць па Эўропе, Азіі, Афрыцы. Нават паміж выспамі Інданэзіі. Чытайце эсэ Кацярыны Безмацерных аб аўтаспыне «Мая заплечнікавая свабода» і глядзіце прыклад аўтаспыннага маршруту на лета ў артыкуле «Аўтаспынам па Эўропе: 3000 кілямэтраў за 54 эўра».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0597 seconds.