Беларускія хостынгавыя кампаніі абавязалі разьмяшчаць сайты толькі ўнутры краіны
Беларускія хостынг-правайдэры пакуль ніяк афіцыйна не адрэагавалі на апошнія новаўвядзеньні ў заканадаўстве. Аднак у неафіцыйных камэнтарах гавораць, што паводле новых правілаў ім забаронена разьмяшчаць сайты кліентаў за мяжой.
Як паведамляе рэсурс electroname.com, паводле новых правілаў дзейнасьці кампаній, якія займаюцца фізычным разьмяшчэньнем сайтаў у Інтэрнэце (хостынг-правайдэры), усе беларускія рэсурсы мусяць знаходзіцца на сэрвэрах, што месьцяцца ўнутры краіны.
«Па новых правілах мы ня маем права разьмяшчаць кліентаў за мяжой і вымушаныя прапанаваць перанесьці сайты на сэрвэры ў Беларусь», — заявіў electroname.com неназваны прадстаўнік буйнога беларускага хостынг-правайдэра.
Паводле ягоных словаў, палова кліентаў, якія карыстаюцца паслугамі айчынных хостэраў, аддаюць перавагу замежным сэрвэрам. У выніку ўвядзеньня новых правілаў яны, хутчэй за ўсё, вырашаць адмовіцца ад паслугаў беларускіх кампаній.
Гэта меркаваньне пацьвердзіў уладальнік парталу Tut.by Юры Зісер у інтэрвію «Ежедневнику»:
«Фізасобы пойдуць на замежны хостынг, таму што беларускім кампаніям цяпер замежны хостынг прадаваць забаронена. Будуць расплачвацца з замежнымі правайдэрамі крэдыткаю. Навошта гэта зроблена — ня ведаю», — кажа спадар Зісер.
На думку экспэртаў, новыя правілы разьмяшчэньня сайтаў «непад'ёмныя» для дробных хостынгавых кампаній. У хуткім часе ім пагражае зьнікненьне.
Паводле тых жа правілаў рэгуляваньня Інтэрнэту, якія зараз актыўна дапрацоўвае беларускі ўрад, да 1 ліпеня сайты, што знаходзяцца на тэрыторыі краіны, мусяць прайсьці рэгістрацыю.
На думку Зісера, рэгістрацыя беларускіх сайтаў патрэбная для барацьбы зь кіберзлачыннасьцю. Але акрамя таталітарных краінаў, падобная працэдура існуе толькі ў Францыі.
«Гэта зроблена для таго, каб можна было лёгка прыкрыць рэсурс. Так што мы тут не піянэры», — кажа стваральнік буйнейшага беларускага парталу аб вопыце Францыі па рэгістрацыі інтэрнэт-сайтаў.
Аднак у цэлым сытуацыя з рэгістрацыяй і разьмяшчэньнем беларускіх сайтаў застаецца незразумелай.