Хакер зарэгістраваў партыю Інтэрнэту ва Ўкраіне
На вялізным палітычным ляндшафце Ўкраіны яшчэ адной партыяй стала болей. Пад парадкавым нумарам 174 нядаўна была зарэгістраваная «Інтэрнэт партыя Ўкраіны». Стваральнікам яе выступіў Зьміцер Голубаў, 5 гадоў таму абвінавачаны ў стварэньні міжнароднай хакерскай сеткі. Віна яго, аднак, даказана не была.
Дваццацісямігадовы Голубаў пазыцыянуе сваю арганізацыю як «першую ў сьвеце Інтэрнэт партыю», якая выступае за эўрапейскі шлях разьвіцьця Ўкраіны, стварэньне электроннага ўраду і вяртаньне ядзернай зброі ў краіну. У выпадку прыходу да ўлады, партыя абяцае наладзіць для ўсіх жадаючых бясплатныя курсы кампутарнай пісьменнасьці і замежнай мовы.
Зьміцер Голубаў учора і сёньня
Як піша korrespondent.net, cярод кіраўніцтва Інтэрнэт партыі вядомы адвакат, а таксама чэмпіён па тайскаму боксу. Партыя не хавае скандальнага мінулага свайго заснавальніка Зьмітра Голубава, якога The Wall Street Journal у свой час называла «лідэрам хакерскай групоўкі, хросным бацькам хакерскай мафіі». У 2005 годзе Зьміцер Голубаў быў арыштаваны ў Адэсе па абвінавачаньні ў стварэньні транснацыянальнай групоўкі, якая крала грошы з амэрыканскіх банкаўскіх рахункаў.
Паступова справа развалілася, а Голубаў выйшаў пад залог, на які скінуліся дэпутаты Партыі рэгіёнаў, што не хацелі, па іх словах, «угробіць цьвет украінскай моладзі». Цікава, што хаця ўстаноўчы зьезд Інтэрнэт партыі адбыўся яшчэ ў 2007 годзе, партыя прайшла рэгістрацыю толькі пасьля прыходу да ўлады старшыні Партыі рэгіёнаў Віктара Януковіча. Інтэрнэт партыя стала 174 партыйнай арганізацыяй, зарэгістраванай ва Ўкраіне.