На фэстывалі Sziget будзе рэгі-дзень, прысьвечаны Бобу Марлі

Наведнікі аднаго з буйнейшых эўрапейскіх фэстаў Sziget, які штогод ладзіцца у Вугоршчыне, ужо прызвычаіліся, што акрамя асноўных пяці дзён фэсту, ёсьць яшчэ «нулявы дзень». Кожны раз ён прысьвечаны якой-небудзь асобнай тэме, і ў гэтым годзе ёю стане 65-годзьдзе з дня нараджэньня Боба Марлі з удзелам The Wailers і UB40.

Адкрываць гэты дзень будзе легендарны вугорскі гурт Ladánybene 27. За сваю дваццацігадовую гісторыю ён не аднойчы быў хэдлайнэрам Sziget, граў разам з Карласам Сантанам і The Wailers. Працягнуць выступы на галоўнай сцэне KRSA és a Paso Brass band, Toots & The Maytals, а таксама амэрыканцы The Aggrolites. Іх сумесь з рутс-рэгі, ска і панк-року дазволіла ім стаць аднымі з заканадаўцаў мод у сучасным рэгі. The Aggrolites завяршаюць у гэтым годзе сусьветны тур разам з вэтэранамі ска-сцэны зь Ямайкі Skatalites, якія таксама выступяць у «нулявы дзень» цяперашняга Sziget.


The Wailers © Tobin Voggesser / RumBum.com

Але галоўнай падзеяй гэтага дня стануць выступы двух самых вядомых рэгі-гуртоў у сьвеце. Адныя з родапачынальнікаў стылю The Wailers у гэты вечар выканаюць усе самыя знакамітыя свае гіты, не гледзячы на тое, што ад першапачатковага складу гурта, заснаванага ў далёкім 1962 годзе Бобам Марлі і яго сябрамі ў адным з гета на захадзе Кінгстана, застаўся толькі бас-гітарыст Астан Барэт. А закрываць дзень будзе легендарная брытанская каманда UB40, якая за сваю трыццацігадовай кар’еру прадала больш за 55 мільёнаў дыскаў, а ў нашых краях праславілася песьняй «Kingston Town».

Такім чынам, усе галоўныя рэгі-гурты сучаснасьці можна будзе ўбачыць у адзін дзень, 10 жніўня, на галоўнай сцэне фэстывалю Sziget. Нагадаем, што асноўная праграма фэстывалю працягнецца з 11 па 16 жніўня на востраве Обуда ў цэнтры Будапэшта. Галоўнымі хэдлайнэрамі гэтага году значацца Muse, 30 Seconds to Mars, Kasabian, Iron Maiden, The Specials, Ska-P, Nina Hagen, Papa Roach, Children Of Bodom, 69 Eyes, Paradise Lost, Fear Factory, Ill Niño, Bad Religion, Infected Mushroom, Gorillaz Sound System і шматлікія іншыя.

Іншай цікавай навіной апошніх дзён стала падпісаньне фэстывалем спонсарскай дамовы з міжнародным мабільным апэратарам Vodafone. Гэта супрацоўніцтва дазволіць усім жадаючым аплаціць уваходны квіток на фэстываль за адну хвіліну з дапамогай мабільнага тэлефона, і, пры жаданьні, нават разьлічыцца за каву. А ўсе выступы на фэсьце будуць адкрывацца лёзунгам «Vodafone прадстаўляе».

Аўтобусны тур на фэстываль зь Менску арганізуецца пры падтрымцы інфармацыйнага партнэра фэстывалю ў Беларусі сайту Ultra-Music. Падрабязную інфармацыю пра паездку на фэстываль, а таксама онлайн-форму замовы тура, можна знайсьці ў адмысловым разьдзеле сайта.

Slaver 17:00, 03/05/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.4302 seconds.