Уваход празь пярэднія дзьверы

Каб канчаткова перамагчы зайцоў, зь лета ў Вільні ўводзяцца новыя правілы пасадкі ў грамадзкі транспарт. Цяпер заходзіць прыйдзецца празь пярэднія дзьверы.


Віленскія тралейбусы рыхтуюцца да новых правілаў прыёму пасажыраў. Фота Wikipedia.org

«Калі людзі будуць заходзіць у грамадзкі транспарт толькі празь пярэднія дзьверы, то зьменшыцца колькасьць „зайцоў“, пасажыраў будзе правяраць кіроўца. У грамадзкім транспарце будзе менш п’яных і асацыяльных людзей», — заявіў газэце Lietuvos rytas кіраўнік муніцыпальнага транспартнага прадпрыемства Susisiekimo paslaugos Гінтас Блювас.

Па словах транспартнікаў, такі дадатковы мэтад праверкі пасажыраў пасьпяхова дзейнічае і ў іншых літоўскіх гарадах: Клайпедзе, Друскеніках. Папулярны ён і ў грамадзкім транспарце некаторых эўрапейскіх сталіц, Бэрліне, напрыклад.

Новыя правілы ўступяць у сілу ад пачатку лета і пакуль будуць дзейнічаць з 21.00 будных дзён і ў выходныя. Калі экспэрымэнт апраўдае сябе, заходзіць празь пярэднія дзьверы прыйдзецца ўвесь час. У адваротным выпадку правіла «пярэдніх дзьвярэй» пакінуць толькі для маршрутаў з малым пасажырапатокам.

Тым часам віленскія ўлады рыхтуюць альтэрнатыву нятаннаму па беларускіх мерках (квіток на адну паездку каштуе болей за 2 000 руб.) грамадзкаму транспарту — сыстэму пунктаў пракату грамадзкіх ровараў. Адпаведны тэндэр на пакупку 250 ровараў, якія кожны зможа ўзяць на пракат на 21 адпаведнай станцыі, ужо абвешчаны мэрыяй.

Вэлясыпэдны рай можа паўстаць у Вільні ўжо ў сярэдзіне лета.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0619 seconds.