Scorpions разьвітаўся зь Менскам
У Менску прайшоў канцэрт легендарных Scorpions у межах разьвітальнага сусьветнага турнэ. Жарсьці перад разьвітальным шоў нямецкіх рокераў у Беларусі ў літаральным сэнсе накаліў ісьляндзкі вулкан Эйяф’ятлайокютль, з-за якога доўгачаканы канцэрт перанёсься болей чым на тыдзень. За гэты час лідэр гурта Клаўс Майнэ падвучыў беларускую мову, а бубнач Коттак падрыхтаваў бубновы сэт у стылі нашумелага вулкану.
«Хэлоў, Мінск! Добры вечар! Як настрой?» — вітаў па-беларуску амаль поўную залю «Мінск-арэны» Клаўс Майнэ. Традыцыйная вялікая чарга на ўваходзе кампэнсавалася прыхільнікам доўгачаканым, амаль 2-гадзінным шоў ад легендарных музыкаў. 45 год на сцэне, а Scorpions працягвае радаваць сваімі фірмовымі фішкамі і неўміручымі гітамі.
Самым моцным па накале выйшаў сольны выступ бубнача Джэймса Коттака. Тут было і распрананьне з агаленьнем самай рок-н-рольнай тату, і абліваньне вадою, і дырыжаваньне фанацкім хорам шматтысячнай «Мінск-арэны».
Музыкі, як і абяцалі напярэдадні разьвітальнага турнэ, шчыравалі гітамі, а таксама радавалі прэзэнтамі — найбольш тут шэнціла гледачам у фан-зоне. Scorpions не шкадуючы раскідвалі немалыя запасы бубновых палачак і жмені мэдыятраў. Але публіка не адпусьціла музыкаў і пасьля трох песень на «біс». Scorpions вяртаюцца і разьвітваюцца сусьветным гітом Wind of Change.
Scorpions прыехалі ў Менск за дзень да канцэрту. У аэрапорце рокераў сустракалі прыхільнікі, а бліжэй да вечару музыкі сустрэліся і зь беларускімі журналістамі, дзе распавялі, што разьвітальнае турнэ працягнецца яшчэ два-тры гады, а самы апошні выступ у кар’еры Scorpions яшчэ не заплянаваны.
Канцэрт у Менску завершыўся, гледачы няспыннай плыньню рушылі на бліжэйшы аўтобусны прыпынак, адкуль паўнюткімі аўтобусамі і тралейбусамі пад гукі запісаных на мабільнікі «скарпіёнскіх» гітоў расьцякліся па ўсім горадзе.