Амэрыканская студэнтка зладзіла Дзень бюстатрусу
Студэнтка амэрыканскага ўнівэрсытэту заклікала праз сацыяльную сетку далучыцца да першага Дню бюстатрусу, каб абвергнуць маралізатарскія сьцьверджаньні іранскага аяталы.
Джэніфер Маккрайт, якая вучыцца ў Пурдзью (штат Індыяна), стварыла групу ў сетцы Facebook, у якой заклікала дзеўчын на працягу 24 гадзін 26 красавіка дэманстраваць сьвету свае прывабнасьці, каб праверыць, ці выкліча гэта землятрус, піша Boston Herald.
Першакурсьніца Санам Парых даведалася пра бюстатрус у дзень акцыі
Пра верагоднасьць такога сыходу падзей раней заяўляў аятала Кезэм Седэгі — адзін з найбольш аўтарытэтных іранскіх сьвятароў. На яго думку, надта шчырыя жаночыя строі зьяўляюцца прычынай землятрусаў. Такім чынам, калі сапраўды здарыцца катастрафічны землятрус, пра магчымасьць якога ўжо ня першы год папярэджваюць жыхароў шматмільённага Тэгерану, вінаватыя ў ім будуць ніхто іншыя, як жанчыны, што жадаюць быць прывабнымі, носяць адкрытае адзеньне, карыстаюцца касмэтыкай і практыкуюць пазашлюбны сэкс.
Джэніфэр вырашыла пратэставаць тэорыю аяталы на практыцы, арганізаваўшы першы сусьветны Дзень бюстатрусу.
«Я заклікаю ўсіх жанчын-скептыкаў далучыцца да мяне і праверыць на практыцы звышнатуральныю моц свайго бюсту і апрануцца так бессаромна як тое магчыма… Сіла нашых бессаромных целаў абавязкова павінна выклікаць землятрус. Калі гэтага ня здарыцца, я ўпэўненая, Седэгі знойдзе гэтаму рацыянальнае тлумачэньне», — піша дзяўчына ў сваім блогу.
Па словах Джэніфэр, у дзень бюстатрусу Зямля не грамыхала болей за звычайнае, але затое студэнтка дасягнула зайздроснага эфэкту ў сусьветных мэдыа. Да яе групы на Facebook далучыліся больш за 200 тысяч чалавек, а блог дзяўчыны за тыдзень увагі газэт і TV да прыдуманай ёй падзеі атрымаў 683 тысячы ўнікальных наведвальнікаў.
Цяпер дзяўчына, якая зьбіраецца атрымаць ступень доктара, турбуецца за сваю навуковую рэпутацыю: «Я не хачу, каб я назаўжды запомнілася, як «дзяўчына-бюстатрус».
Між іншым, у Дзень бюстатрусу ў Японіі былі зафіксаваныя некалькі падземных штуршкоў сярэдняй сілы.