Дзяўчынка памерла з голаду, пакуль яе бацькі гулялі он-лайн

Паліцыя Паўднёвай Карэі арыштавала пару, якая замарыла голадам сваю трохмесячную дачку. Бацькі забыліся на дзіця, бо праводзілі час, гуляючы ў он-лайн сымулятар жыцьця, адным з кампанэнтаў якога было выхаваньне маленькай дзяўчыны.

Як паведамляе Guardian, 41-гадовы мужчына і 25-гадовая жанчына, якія пазнаёміліся ў чаце, мелі звычку шмат часу праводзіць у інтэрнэт-кавярнях, гуляючы ў ролевы сымулятар Prius Online. Яны зрэдку кармілі сваю навароджаную дачку сухім малаком, пакідаючы яе без дагляду на час падарожжаў у віртуальную рэальнасьць.

«Я шкадую аб тым, што адбылося. Спадзяюся, мая дачка больш не пакутуе ад голаду на нябёсах», — кажа маці памерлай дзяўчынкі.

Паліцыя кажа, што пара аказалася ў вельмі складаным пэрыядзе: яны згубілі працу, нядаўна народжанае дзіцё было нежаданым. У выніку карэйцы пачалі шукаць збаўленьне ў он-лайн гульні, якая дазваляла стварыць новае жыцьцё, атрымаць віртуальную працу, перанесьці камунікацыі ў гульнявую прастору і, такім чынам, цалкам зьбегчы з рэальнага жыцьця.

Вярнуўшыся з кавярні дадому на раніцу пасьля 12-гадзіннай сэсіі гульні, пара знайшла дачку мёртвай. Яны забыліся яе пакарміць.

Выпадак ускалыхнуў Паўднёвую Карэю, падняўшы новую хвалю галасоў тых, хто лічыць он-лайн гульні небясьпечнымі. У парлямэнце ўжо знаходзяцца праекты законаў, якія абмяжоўваюць альбо ўвогуле забараняюць падлеткам гуляць у он-лайн гульні.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2472 seconds.